Акцыя па зьмяншэньні колькасьці велакрадзяжоў прайшла ў Берасьці

30/01/2017

Акцыю па прафіляктыцы выкраданьня ровараў з пад’ездаў правялі актывісты ўстановы “За Вела Брэст”. Заручыўшыся падтрымкай УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, яны імкнуцца паўплываць на зьмену паводзінаў уладальнікаў роварамі.

Статыстыка сьведчыць, што за 11 месяцаў 2016 году на Берасьцейшчыне злодзеі скралі 515 ровараў, значную іх частку — з пад’ездаў дамоў. Паводле актывістаў, уладальнікі ровараў не праяўляюць належнай увагі па захаваньні сваёй маёмасьці: не прышпільваюць іх або выкарыстоўваюць ненадзейныя замкі, пакідаюць ровары ў малалюдных месцах, не рэагуюць на падазроныя сытуацыі, якія ўзьнікаюць каля чужых ровараў.

Акцыя “Захавай сябра” доўжылася цягам 24 дзён, калі валянтэры і валянтэркі (першы тыдзень сумесна з супрацоўнікамі міліцыі) абыходзілі пад’езды дамоў з мэтай выяўленьня ровараў, якія кепска захоўваюцца, і распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы. Засьцерагчы ад крадзяжу атрымалася больш за 300 берасьцейскіх аматараў ровараў.

Акцыя па зьмяншэньні колькасьці велакрадзяжоў прайшла ў Берасьці

Сяргей Рыбак, які ўдзельнічаў у акцыі “Захавай сябра”, падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

— Да ўдзелу ў акцыі я шчыра думаў, што ровар у пад’езьдзе ў поўнай бясьпецы. Быў вельмі зьдзіўлены, калі людзі адчыняюць дзьверы дамафонаў без дадатковых пытаньняў. Гэта прымушае задумацца аб захоўваньні сваёй маёмасьці. На самой справе вынесьці ровар з пад’езду не патрабуе значных высілкаў, а зьняць зь яго дэталі яшчэ прасьцей. Свой ровар цяпер я захоўваю ў кватэры.

Актывісты ўстановы “За Вела Брэст” падрыхтавалі парады для тых, хто хоча зьберагчы “свайго сябра” ад злодзеяў, а таксама тым, хто стаў відавочцам крадзяжу, а летась зьнялі тры сацыяльныя ролікі пра выкраданьне і продаж скрадзенага ровару, якія дэманструюць, што захаваньне маёмасьці наўпрост залежыць ад саміх раварыстаў.

Варта адзначыць, што акцыя “Захавай сябра” зьяўляецца часткай прафіляктычных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Берасьці. Асноўную частку мерапрыемстваў арганізуе УУС па Брэсцкай вобласьці, якое сваімі дзеяньнямі за мінулы год дасягнула зьніжэньня колькасьці велакрадзяжоў на 22%.