Асамблеі НДА — 20 гадоў!

22/02/2017

Асацыяцыя няўрадавых дэмактарычных арганізацыяў атрымала першыя віншаваньні ад сябраў і партнэраў па сэктары. Дзякуем за шчырыя зычаньні і высокую ацэнку працы!

Алесь Бяляцкі і Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Праваабарончы цэнтар “Вясна” віншуе калег і партнэраў з гэтым знакавым для асацыяцыі днём і жадае Асамблеі НДА і надалей быць нястомным ініцыятарам ідэй па кансалідацыі грамадзкага сэктару, падтрымцы і разьвіцьці ініцыятыўных групаў.

 

Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend)

шчыра віншуе Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў з 20-годзьдзем утварэньня!

Мы вельмі рады, што напрацягу многіх гадоў мы застаемся надзейнымі партнэрамі, сумесна працуем па пытаньнях свабоды асацыяцыяў і прававога рэгуляваньня НКА, правялі шмат сумесных мерапрыемстваў, друкавалі кнігі, праводзілі дасьледваньні… Спадзяемся, што захаваем гэтыя адносіны надалей і працягнем пасьпяховае супрацоўніцтва.

Мы жадаем калектыву Асамблеі творчых посьпехаў і перамог, новых ідэй і дасягненьняў, крэатыву і фінансавай устойлівасьці. Жадаем захаваць камандны дух на наступныя 20 год!

Жадаем, каб Асамблея багацела новымі арганізацыямі і сябрамі!

 

Міжнародны кансорцыюм ЭўраБеларусь 

Улад Вялічка: Віншую Асамблею НДА Беларусі з 20-й гадавінай! Ад самага пачатку свайго заснаваньня у 1997 годзе Асамблея адыгрывала сыстэмастваральную ролю ў беларускай грамадзянскай супольнасьці. За два дзесяцігодзьдзі зроблена шмат карысных справаў, кампаній, праектаў, ініцыятываў. Асамблея заняла важнае месца ў жыцьцях шматлікіх грамадзкіх лідэраў і актывістаў па ўсёй Беларусі. Але агучаныя падчас заснаваньня Асамблеі мэты, мары і выклікі актуальныя зараз яшчэ больш чым раней. Зычу нашым партнэрам жыцьцёвай энэргіі, прагі да новых амбіцыйных памкненьняў, выніковасьці высілкаў, чалавечай мудрасьці і арганізацыйнай устойлівасьці.

 

Грамадзкі цэнтар “Кола” (Магілёў)

Віталь Васількоў, ад заснаваньня Асамблеі сябра Рабочай групы:

Сапраўды 20 год. Тысячы актыўных людзей, сотні арганізацый. Сэмінары, сустрэчы, пляны і зьдзяйсненьні. Магчымасьці для людзей, актывістаў быць і працаваць разам, адчуваць падтрымку аднадумцаў. І ўсё для будучыні сэктара, які трэці, а насамрэч самы важны, бо ён вызначае грамадзянскую супольнасьць і складаецца з сапраўдных грамадзянаў краіны. Арганізацыя — мадэль будучай краіны, так яна марылася і думалася 20 год назад. Разьвіваць і назапашваць, вучыцца і распаўсюджваць лепшае для будучага Беларусі. Асамблея НДА — Мара і рэальнасьць, якая на шляху да яе. Сапраўды 20 год!

З этапам! Сьвята на перадзе!

 

Дзедзіч (Берасьце)

10487169_859970464036393_1016049427222040788_n

Зьміцер Шыманскі: З самага стварэньня “Дзедзіча” Асамблея НДА стала для нас надзейным партнэрам і крыніцай узбагачэньня досьведам, ведамі і ідэямі. Шчыра жадаю працягваць трымаць руку на пульсе грамадзянскай супольнасьці і крэатывіць новыя ідэі для яе разьвіцьця.

 

Студэнцкая Рада

13716221_1175179222533082_3228338259263445089_n

Алесь Крот: Асамблея НДА — адна з найбуйнейшых асацыяцый недзяржаўных арганізацый у Беларусі, і мы вельмі рады, што можам адчуць сябе часткай гэтай вялікай сям’і. З нагоды сьвяткаваньня 20-годзьдзя хочам пажадаць Асамблеі плённай працы, новых дасягненьняў і моцы, якая так патрэбна нам усім.

Спадзяемся, што Асамблея НДА будзе надалей разьвівацца і яшчэ доўга працаваць, бо нам у рэшце рэшт трэба калі-небудзь выйграць прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”!

 

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

16406901_10154080799762890_3467777384157420137_n

Ганна Герасімава: У беларускай грамадзянскай супольнасьці я з 1995 году і добра памятаю часы, калі стваралася Асамблея. Здаецца, гэта было зусім нядаўна, але ж прайшло целых 20 гадоў, і Асамблея ня толькі выжыла, але і ўзмацнілася і пастаянна разьвіваецца, гэта жывая арганізацыя, якая працуе на карысьць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава цесна супрацоўнічае з Асамблеяй не адзін год. Як многія іншыя арганізацыі, мы карыстаемся інфармацыяй, экспэртным патэнцыялам Асамблеі, пераймаем лепшыя практыкі. Віншую Асамблею зь юбілеем і жадаю заставацца важнай часткай грамадзянскай супольнасьці Беларусі яшчэ шмат разоў па 20 гадоў.

 

Каманда

Міжнароднага асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “АКТ”

шчыра віншуе грамадзянскую супольнасьць Беларусі з 20-годзьдзем Асамблеі НДА!

14242316_1381387171890203_8007712917093076584_o

Цешымся тым, што Асамблея робіць, і тымі людзьмі, якія ў ёй працуюць! Жадаем
 
працягваць АКТыўную дзейнасьць! Свабоды і асацыяцый! :)
 

 

Арт Сядзіба

DSC_7537

Павал Белавус: Віншую Асамблею з 20-годзьдзем! Гэта ўжо сур’ёзная дата для ня менш сур’ёзнай арганізацыі. Жадаю і далей упэўнена і рашуча вытоптваць сваю сьцежку, ня збочваць зь яе і паказваць да яе шлях іншым. Каб закладзеная сьцяжына станавілася ўсё большай і шырэйшай, з часам стала брукаванай дарогай, па якой сьвяточна мы разам пройдзем пераможным маршам!

 

Pact

12795330_1090629434292318_1963251653092144996_n

Юнэля Сальнікава: У грамадзкім сэктары ёсьць арганізацыі, якія зьяўляюцца сімваламі станаўленьня грамадзянскай супольнасьці ў незалежнай Беларусі. Ня шмат арганізацый могуць пахваліцца такой насычанай і разнастайнай 20-ці гадовай гісторыяй, якую мае Асамблея няўрадавых арганізацый. У скарбонцы Асамблеі — уплывовыя адвакатыўныя кампаніі нацыянальнага маштабу і акцыі, якія прынесьлі пазытыўныя зьмены на мясцовым узроўні. Жадаю, каб сёньняшняя Асамблея не губляла дынаміку, была здольная адгукацца на выклікі часу і задаваць трэнды ў сэктары.

 

Алена Анісім і ГА Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

0630_hdz_tbm_press_04-3pfr8

 

Шаноўныя сябры Асамблеі няўрадавых арганізацый! Віншуем вас з нагоды 20-годдзя дзейнасці.

Ад самага пачатку Асамблея засведчыла сябе як самая дэмакратычная структура, сябры якой выступалі ў абарону агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, і на гэтым грунце адбывалася гуртаванне грамадзянскай супольнасці нашай краіны.

За гэты час дзякуючы Асамблеі ў беларускай прасторы з’явіліся дзясяткі грамадскіх лідараў па ўсёй Беларусі.

У гэты святочны дзень мы жадаем сябрам Асамблеі няўрадавых арганізацый моцы, перакананасці, паспяховасці ў дзейнасці на карысць нашай Беларусі.

 

Гарадзенская абласная філія АГА “Фонд імя Льва Сапегі”

get_img

Уладзімер Хільмановіч: Асамблея няўрадавых арганізацый — гэта плятформа і парасон для рэгіянальных грамадзкіх супольнасьцяў адначасна. Яе падтрымка грамадзянскіх ініцыятываў, зарэгістраваных і незарэгістраваных арганізацыяў ёсьць важным чыньнікам дзейнасьці актыўных рэгіянальных асяродкаў, фактарам, які спрыяе разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці. Кансультацыі, інфармацыя, навучаньне, трэнінгі — усё гэта мы маем ад Асамблеі, якая заўсёды адгукаецца на нашыя патрэбы.

Шчыра зычу нашай Асамблеі доўгіх гадоў далейшай выніковай працы, творчых набыткаў і плёну на карысьць Бацькаўшчыны!

 

Алена Макоўская і ЗБС “Бацькаўшчына”

backauszczyna_7

Сардэчна віншуем! Цэнім наша шматгадовае і плённае супрацоўніцтва. Удзячныя за экспэртную дапамогу ў самыя складаныя часы, за дапамогу і парады, за адчуваньне сябе часткай сям’і дэмакратычных грамадзкіх арганізацый Беларусі. Зычым новых зьдзяйсьненьняў, цікавых і плённых праектаў, новых партнэраў і віру ідэй.

 

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў

vinsh

 

Далучайцеся да віншаваньня Асамблеі НДА праз Facebook, Twitter, ВКонтакте, дасылайце лісты і зычаньні праз эл. адрас ngo@belngo.info!

 

Фота: Facebook, Аляксей Казлюк, Дзяніс Васількоў, Дзедзіч, Твой стыль, www.zbsb.org.