У Вільні адбудзецца IV Беларускі праваабарончы форум

18/10/2017

19-21 кастрычніка ў Вільні зьбяруцца 140 прадстаўнікоў і прадстаўніц з 29 беларускіх праваабарончых арганізацыяў; арганізацыяў, якія маюць у сваёй дзейнасьці праваабарончы кампанэнт; праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасьці, асобныя экспэрты і экспэрткі.

Гасьцямі Форуму стануць прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, а таксама партнэры з замежных і міжнародных праваабарончых структураў.

Форум ладзіцца, каб ацаніць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, абмеркаваць праблемы праваабарончага руху Беларусі, а таксама паразважаць над пытаньнямі камунікацыі і супрацоўніцтва, абмяняцца досьведам і пазытыўнымі практыкамі.

На Форуме прадставяць вынікі дасьледаваньняў праваабарончага сэктару Беларусі, асобную ўвагу нададуць абмеркаваньню Прынцыпаў дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі.

Падчас пленарных паседжаньняў заплянаваныя дыскусіі “Куды мы ідзем: варыянты разьвіцьця праваабарончага сэктару на бліжэйшыя 5-10 гадоў” і “Правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксьце”.

У межах Форуму плянуюцца 11 паралельных мерапрыемстваў, на якіх разгледзяць пытаньні, датычныя дзейнасьцi офicаў прававой дапамогi праваабарончых арганiзацыяў, права на інфармацыю ў Беларусі, салідарнасьці падчас рэпрэсіяў, новых выклікаў для правоў чалавека ў лічбавую эпоху, адукацыі ў сфэры правоў чалавека, гендэрнай ідэнтычнасьці, будзе ацэнены досьвед выкарыстаньня крытэраў вызначэньня палітвязьняў і дадзеная ацэнка савецкіх рэпрэсіяў як асновы сёньняшніх парушэньняў правоў чалавека. Увага будзе ўдзеленая пашырэньню сярод праваабаронцаў і партнэраў падыходу, заснаванаму на правах чалавека, грамадзкім праваабарончым кампаніям, праблемам парушэньня правоў чалавека падчас крымінальнага перасьледу за распаўсюд наркотыкаў.

Падчас Форуму адбудзецца прэзэнтацыя сэрыі “Беларуская турэмная літаратура” і турэмнага дзёньніка Зьмітра Дразда, будзе дзейнічаць майстэрня школы лічбавай бясьпекі Беларускага Дома правоў чалавека ім. Б.Звозскава (DSS375).

Па выніках Форуму плянуецца прыняцьце Рэзалюцыі.

У Аргкамітэт Форуму ўваходзяць: Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Праваабарончы цэнтар “Вясна”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ГУ “Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава”, ПУ “Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар”, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, Асьветніцкая ўстанова “Цэнтар прававой трансфармацыі”.

Першы Беларускі праваабарончы форум адбыўся ў 2004 годзе пад Менскам, другі — у 2010 годзе ў Вільні, трэці — у 2013 годзе ў Вільні.