BY_help. У Беларусі разгарнулася кампанія салідарнасьці з рэпрэсаванымі

27/03/2017

Кампанія салідарнасьці распачалася ў сеціве напярэдадні Дня волі, калі стала вядома пра масавыя затрыманьні актывістаў. Ініцыятыва BY_help зьбірае сродкі для дапамогі рэпрэсаваным, якіх затрымалі на Дні Волі і тым, хто падазраецца ў падрыхтоўцы так званых масавых беспарадкаў.

На раніцу 27 сакавіка ўжо сабрана болей за 13 тысячаў даляраў ЗША. Матэрыяльная падтрымка будзе разьмеркаваная паміж сем’ямі затрыманых актывістаў, частка сабраных сродкаў пойдзе на аплату знаходжаньня сутачнікаў ў ізалятарах часовага ўтрыманьня.

Арганізатары збору сродкаў кажуць, што да кампаніі дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі падключылася беларуская дыяспара з Чэхіі, Швэцыі, Канады і Даніі. Патрэбныя людзі, якія маглі б зьбіраць сродкі ў Ірляндыі, Гішпаніі, Партугаліі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Аўстрыі, Нідэрляндах і Бэльгіі.

Збор сродкаў працягваецца. Далучыцца да яго можна рознымі спосабамі, падрабязную інфармацыю глядзіце на старонцы ініцыятывы BY_help у Facebook.