Лідэр году — Драздоўскі, кампанія году — “У абарону Курапатаў”. Грамадзянская супольнасьць назвала сваіх чэмпіёнаў

22/12/2017

21 сьнежня Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганараваньня пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасьці”, каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сэктару Беларусі ў 2017 годзе.

Пераможцам у намінацыі “Грамадзкі лідэр году” стаў каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі — рухавік кампаніі “Павестка 50”. Яна разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах і была накіравана на імплемэнтацыю палажэньняў Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю.

Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

 

У намінацыі “Новая ініцыятыва” журы адзначыла ажно два пераможцы. Імі сталі грамадзкі рух “Дзея” і ініцыятыва “Хайсы” (Віцебск). Статуэтку і дыплёмы ад імя “Дзеі” атрымалі актывісты Аліна Нагорная і Ўладзімер Бараноўскі. За перамогай зь Віцебску прыехалі Ян Дзяржаўцаў, Уладзімер Іваноў.

Аліна Нагорная і Ўладзімер Бараноўскі

Аліна Нагорная і Ўладзімер Бараноўскі

 

Ян Дзяржаўцаў, Уладзімер Іваноў (Ініцыятыва "Хайсы")

Ян Дзяржаўцаў, Уладзімер Іваноў

 

“Крэатывам году” была названа акцыя “Ноч расстраляных паэтаў” — супольная ініцыятыва Маладога Фронту і творчых асяродкаў. Прэмію ад журы атрымалі Наста Дашкевіч і Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў і Наста Дашкевіч

Уладзімер Някляеў і Наста Дашкевіч

 

У намінацыі “Мэдыя / журналіст / журналістка году” перамог гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ягоны канал на YouTube стаў такім папулярным, што ўлады абвінавацілі Максіма ў “падмене дзяржаўных СМІ”.

Максім Філіповіч

Максім Філіповіч

 

“Гарбуз году” ўручаецца за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ды іх прадстаўнікоў. Сёлета журы вырашыла “адзначыць” гэтай антыпрэміяй крымінальную справу па “факце” навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі “Белы легіён” і спартыўна-патрыятычнага клюбу “Патрыёт”.

Ніна Шыдлоўская і Алесь Кіркевіч

Ніна Шыдлоўская і Алесь Кіркевіч

 

Рэгіянальнай падзеяй назвалі “маршы недармаедаў” супраць дэкрэту №3, якія прайшлі сёлета ў розных гарадах Беларусі. У акцыях бралі актыўны ўдзел грамадзкія актывісты і мясцовыя жыхары. Прыз у гэтай намінацыі атрымалі прадстаўнікі Слоніму, Воршы і Гомеля.

20171221_chempiony_gramadzkaj_supolnasci_dianis_vasilkou_033

За рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў у намінацыі “Партнэрства году” статуэтку атрымалі Беларускія ўікэнды. Дзякуючы ім цягам 2017 году беларускамоўныя вэрсіі фільмаў былі паказаныя ў шэрагу кінатэатраў краіны. Статуэтку і дыплём на цырымоніі атрымаў лідэр ініцыятывы “Кінаконг” Андрэй Кім.

Андрэй Кім

Андрэй Кім

 

Кампаніяй году была прызнаная Кампанія ў абарону Курапатаў. Атрымаць дыплём і статуэтку на сцэну падняліся Зьміцер Дашкевіч з аднадумцамі.

Абронцы Курапатаў

Абронцы Курапатаў

У намінацыі “Мэдыяактыўнасьць” перамаглі сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”.

Сяргей Коўган, заснавальнік пошукава-выратавальнага атраду "Анёл"

Сяргей Коўган, заснавальнік пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”

 

20171221_chempiony_gramadzkaj_supolnasci_dianis_vasilkou_004

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцьці трэцяга сэктару. 23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія. Прэмія заснаваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Пераможцаў абірае журы (сёлета — 110 чалавек), у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадзкія лідэры і экспэрты, “чэмпіёны” мінулых гадоў, журналісты.

Фота — Дзяніс Васількоў