Чым “Зялёная сетка” займалася ў 2016 годзе

08/06/2017

Экалягічнае таварыства “Зялёная сетка” прадставіла справаздачу аб дзейнасьці за мінулы год, у якой расказала, чым жыла арганізацыя цягам 12 месяцаў, да чаго імкнулася, пра што марыла, над чым працавала.

Справаздача суправаджаецца лічбамі і фотаздымкамі зь месцаў падзеяў. Дзейнасьць экалягічнай арганізацыі апісана так, каб чытачы атрымалі дакладнае ўяўленьне, чым займаліся актывісты і актывісткі, чаго дасягнулі і да якой ініцыятывы кожны з вас таксама можа далучыцца ўжо сёньня.

— Апрача важнай справаздачнай функцыі аб дзейнасьці нашай унікальнай структуры, дадзены дакумэнт нясе ў сабе і яшчэ адну — запрашэньне. Запрашэньне ня проста абстрагавана пацікавіцца, што ж там робяць “гэтыя людзі”, але і задаць пытаньні, прапанаваць больш эфэктыўныя спосабы дасягненьня мэтаў і, у рэшце рэшт, далучыцца да нас у той ролі і ў тым выглядзе, у якім кожны лічыць патрэбным. Мы цалкам адкрытыя і для крытыкаў, і для добраахвотнікаў, дзеячы, мысьляры, крэатыўнікі, прамоўцы, арганізатары, экспэрымэнтатары, для тых, хто прыйдзе вучыцца ці вучыць, — словам, для ўсіх, — кажа Яраслаў Бекіш, каардынатар Экалягічнае таварыства “Зялёная сетка”.

— Напісаньне публічных гадавых справаздачаў — гэта добрая практыка для грамадзкіх арганізацыяў. Так яны могуць цікава і даходліва расказаць пра сваю працу і пазнаёміцца зь людзьмі, якія яе выконваюць. А яшчэ гэта цудоўная магчымасьць падзякаваць усім, з кім працуеце ўвесь год і хто робіць вялікі ўнёсак у дзейнасьць — заклікае аўтарка справаздачы, PR-мэнэджэрка Зялёнай сеткі Анора Лангар.

Гадавую справаздачу Таварыства “Зялёная сетка” можна спампаваць на расейскай і ангельскай мовах.