Да Асамблеі НДА далучылася 7 арганізацыяў

17/11/2017

17 лістапада ў Менску прайшло пасяджэньне Рабочай групы Асамблеі НДА. Сябрамі асацыяцыі сталі 7 НДА. Такім чынам, цяпер Асамблея аб’ядноўвае 325 арганізацыяў ды ініцыятываў.

Акрамя прыняцьця новых сябраў кіраўнікі сталічных ды рэгіянальных НДА засяродзіліся на абмеркаваньні арганізацыйнага разьвіцьця Асамблеі: удасканаленьні рэглямэнту працы Рабочай групы, стратэгічным пляне, Кангрэсе Асамблеі НДА. Падрыхтоўку да Кангрэсу, які заплянаваны на 2018 год, даручылі Выканаўчаму бюро Асамблеі.

Наступныя пункты парадку дня тычыліся кірункаў дзейнасьці асацыяцыі на наступны 2018 год, фармату ўзаемадзеяньня зь інтэграцыйнымі пляцоўкамі ўнутры грамадзкага сэктару. Таксама старшыня Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч заклікаў арганізацыі, якія ўваходзяць у склад асацыяцыі, зьвярнуць увагу на “Прынцыпы дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі”, распрацаваныя праваабаронцамі.

Напрыканцы сустрэчы сябры Рабочай групы павіншавалі Вінцука Вячорку з атрыманьнем прэміі чэскага інстытуту дасьледаваньня таталітарных рэжымаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека, а таксама Алену Анісім з абраньнем на пасаду старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Рабочая група — кіруючы орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз на некалькі месяцаў і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. Зараз у РГ Асамблеі ўваходзіць 43 чалавекі.

Фота — unsplash.com