Графіці з гогалем намалявалі ў Менску

17/05/2017

Сталіцу ўпрыгожыў яшчэ адзін мурал — вынік краўдфандынгавай кампаніі Аховы птушак Бацькаўшчыны.

“Па пяру для гогаля!” — так летась Ахова птушак Бацькаўшчыны зьвярнулася да жыхароў Беларусі, распачынаючы краўдфандынгавую кампанію па зборы грошай на графіці з гогалем — птушкай 2016 году ў Беларусі.

На жаль, патрэбную суму на плятформе “Талака” арганізацыя так і не сабрала, але ад ідэі не адмовілася. І ў выніку птушка году ўсе ж зьявілася ў спальным раёне Менску, на вуліцы Парніковай, 11.

Стрыт-арт намаляваў мастак творчага дуэта Tak Tak Алесь Добры. На рахунку мастака — дзесяць птушыных графіці, якія ён “пакінуў” на фасадах дамоў у розных гарадах Беларусі.

— Я намаляваў ужо больш за 10 графіці з птушкамі. Качку чорна-белага колеру — гогаля — маляваў упершыню. Кожны сюжэт для мяне — гэта выклік. І часта я да апошняга ня ведаю, якім будзе вынік. Цешуся, што цяпер сярод менскіх графіці зьявіўся і гэты гогаль. Пакуль маляваў, шмат людзей цікавілася, што тут адбываецца. Я маляваў на вышыні, таму лікбез праводзіў кіроўца пад’ёмніка. Зь вясёлага — адна жанчына сказала “Чаму вы малюеце нейкую невядомую птушку, можна ж намаляваць тых, хто жыве ў нас: бусла, напрыклад”. Так што вельмі важна маляваць птушак і паказваць людзям, якая багатая наша прырода, — распавядае Алесь.

Ужо вядома, што сваё графіці будзе і ў птушкі 2017 году — чубатага жаўрука. Але ў якім горадзе зьявіцца графіці — пакуль сакрэт.