Грамадзкія аб’яднаньні і фонды маюць адсправаздачыцца да 1 сакавіка

08/02/2017

Нагадваем, што грамадзкія аб’яднаньні да 1 сакавіка 2017 году маюць прадставіць у свой рэгіструючы орган інфармацыю пра працяг сваёй дзейнасьці з пазначэньнем месца знаходжаньня кіроўнага органа.

Таксама мусяць быць прадстаўленыя сьпісы сябраў кіроўнага органа з пазначэньнем прозьвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэньня, месца жыхарства і нумара хатняга тэлефону, месца працы (навучаньня) і нумара працоўнага тэлефону, пасады ў гэтых выбарных органах і даты абраньня кожнага зь сябраў з прыкладаньнем адпаведных пратаколаў.

Грамадзкія аб’яднаньні ў справаздачы мусяць прадставіць інфармацыю пра мерапрыемствы, праведзеныя за год у статутных мэтах, інфармацыю пра колькасьць сябраў грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйных структураў. Прыкладныя формы прадастаўленьня справаздачнасьці, якія рэкамэндуюцца рэгіструючымі органамі для падрыхтоўкі справаздачаў, а таксама адрасы для накіраваньня справаздачаў, даступныя на сайце Міністэрства юстыцыі.

Арганізацыйныя структуры (мясцовыя аддзяленьні) грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама ўстановы справаздачы прадстаўляць не абавязаныя.

Тыя некамэрцыйныя арганізацыі, што зарэгістраваныя ў форме фондаў, да 1 сакавіка 2017 году прадстаўляюць у рэгіструючы орган інфармацыю пра працяг сваёй дзейнасьці з пазначэньнем месца знаходжаньня кіроўнага органа і інфармацыю пра мерапрыемствы, праведзеныя цягам году ў статутных мэтах, пра выкарыстаньне сваёй маёмасьці з пазначэньнем зьвестак аб яе публікацыі ва ўстаноўленым парадку. Зьмест справаздачы аб выкарыстаньні маёмасьці, што мусіць быць апублікаваная, устаноўлены ДЛЯ ФОНДАЎ пастановай Міністэрства юстыцыі.