Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі-2016

18/08/2017

Міжнароднае асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “АКТ” і Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці прадставілі штогадовую справаздачу “Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі” за 2016 год.

Сёлета Індэкс устойлівасьці АГС Беларусі павысіўся і склаў 5,5. Нягледзячы на тое, што за выключэньнем прававога асяродзьдзя ўсе астатнія кампанэнты ўстойлівасьці беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў палепшыліся, агульны ўзровень разьвіцьця сэктару ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі слабой устойлівасьці.

Сярод асноўных прычынаў слабой устойлівасьці:

— Неспрыяльнае прававое асяродзьдзе;

— Фінансавая няўстойлівасьць;

— Неразуменьне спэцыфікі дзейнасьці АГС і слабы давер да іх з боку дзяржавы і грамадзкасьці.

Нязначнае павышэньне Індэксу ў Беларусі зьвязанае з узмацненьнем арганізацыйнага патэнцыялу, посьпехамі АГС у прасоўваньні інтарэсаў і краўдфандынгу, уяўнае пацяпленьне ў адносінах зь дзяржавай, а таксама павелічэньне актыўнасьці ініцыятываў.

Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў наступным чынам пракамэнтаваў новы выпуск Індэксу:

— Па выніках мінулага году экспэрты зноў зафіксавалі працяг тэндэнцыі паляпшэньня ўстойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэта ўжо выразны трэнд: калі дзесяць гадоў таму паказчык беларускіх арганізацыяў складаў 6,0 балаў, то за 2016 год экспэрты паставілі нашай краіне 5,5 балаў. Цягам гэтых дзесяці гадоў індэкс штогод ці паляпшаўся на 0,1 бала, ці заставаўся на ранейшым узроўні, што і ўтварыла такую працяглую тэндэнцыю.

Аднак такі рост паказчыкаў насамрэч сьведчыць хутчэй пра прыстасаваньне арганізацыяў да існых неспрыяльных умоваў — наўрад ці гэты трэнд насамрэч зьвязаны з павелічэньнем рэальнай устойлівасьці.

Чавусаў лічыць, што тут можна хутчэй казаць пра інэрцыю экспэртаў, якія схільныя адсутнасьць негатыўных зьменаў памылкова трактаваць як павелічэньне ўстойлівасьці.

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў

 

— Калі параўнаць дадзеныя, напрыклад, за 2007-2013 гады, якія прыводзіліся ў якасьці прыкладаў для ацэнкі асобных парамэтраў у межах індэксу, то яны якасна не адрозьніваюццца ад аго, што адзначаюць экспэрты па выніках 2016 году. Між тым, выяўленыя ў балах ацэнкі парадаксальным чынам істотна палепшыліся.

Адзначу, што паляпэшэньне зафіксаванае па ўсіх паказчыках, якія можна ацэньваць суб’ектыўна: арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасьць, аказаньне паслугаў, адвакатаваньне, інфраструктура, грамадзкі імідж — усе гэтыя сфэры ў Беларусі або цалкам ня маюць адкрытых і вартых даверу колькасных і якасных паказчыкаў (як фінансаваньне), або адлюстраваныя толькі фрагмэнтарнымі дасьледваньнямі і асобнымі экспэртнымі ацэнкамі (часта ангажаванымі). З большага паляпшэньні, зафіксаваныя экспэртамі, датычаць або асобных пазытыўных прыкладаў, якія не фармуюць тэндэнцыю, або палягаюць у зьменах рытарычнага пляну, у зьменах стаўленьня.

А вось адзіны паказчык, які грунтуецца на валідных і ясных дадзеных (прававое асяродзьдзе — адлюстраванае ў канкрэтных нарматыўна-прававых актах і правапрымяняльнай практыцы) адначасова зьяўляецца адзіным, па якім не зафіксаванае паляпшэньне.

Юрыст Асамблеі НДА схіляецца да таго,што гэты выпуск Індэксу фіксуе тэндэнцыю, якая хутчэй супярэчыць заяўленаму трэнду “паляпшэньне ўстойлівасьці АГС” і насамрэч адлюстроўвае адваротны працэс трансфармацыі грамадзкага сэктару ў тыя формы, якія менш адпавядаюць крытэрам устойлівай і незалежнай грамадзянскай супольнасьці і больш ператвараюць АГС у дапамагатых ураду ў рэалізацыі асобных кірункаў дзяржаўнай палітыкі.

Чавусаў адзначае, што складальнікі Індэксу патрапілі ў пастку ідэі, што ранейшыя нізкія паказчыкі ўстойлівасьці грамадзянскай супольнасьці ў Індэксе былі неапраўдана заніжаныя, і зараз імкнуцца штучна іх павысіць. Пры такіх умовах Індэкс пачынае ўсё ў меншай ступені адлюстроўваць сапраўдную дынаміку разьвіцьця грамадзкага сэктару.

Паводле экспэрта, нэгатыўныя працэсы ў грамадзкай сфэры Беларусі, якія мы назіраем ужо ў бягучым, 2017 годзе, сьведчаць, што Беларусь насамрэч не зьяўляецца выключэньнем з глябальнай і рэгіянальнай тэндэнцыі пагаршэньня і звужэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці. Апошнія абмежавальныя законы, якія прымаюцца ў краінах рэгіёну (Вугоршчына, Румынія, а таксама раней больш пасьпяховыя Малдова і Украіна) рухаюць гэтыя краіны да неспрыяльных умоваў, да якіх беларускія арганізацыі ўжо звыкліся і нават прыстасаваліся.

Спампаваць “Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці-2016” можна на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.

Даведка

Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (CSOSI) — ключавы аналітычны інструмэнт, які дазваляе ацаніць узровень разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці больш чым у 70 краінах сьвету. Індэкс ацэньвае агульны характар асяродзьдзя для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, надаючы асаблівую ўвагу сямі кампанэнтам або “парамэтрах”: прававое асяродзьдзе, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасьць, адвакатаваньне, прадастаўленьне паслугаў, інфраструктура і грамадзкі імідж. Кожны паказчык ацэньваецца па сямібальнай шкале, дзе 1 адпавядае вельмі высокаму ўзроўню разьвіцьця арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС), а 7 — нізкаму. Індэкс распрацаваны Агенцтвам ЗША па міжнародным разьвіцьці пры ўдзеле мясцовых арганізацыяў у кожнай з краінаў, для якіх ён ацэньваецца.

Фота — МАГА “АКТ”