У Менску запрацавала юрыдычная прыёмная для замежнікаў

12/10/2017

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta адкрыла бясплатную юрыдычную прыёмную для кансультацыяў замежных грамадзянаў, у тым ліку мігрантаў, бежанцаў і асобаў без грамадзянства.

Прыёмная будзе працаваць у некалькіх фарматах — кансультацыі па тэлефоне і электроннай пошце, асабістыя кансультацыі ў офісе па папярэдняй дамоўленасьці. Юрыст будзе аказваць інфармацыйную дапамогу бежанцам, мігрантам і асобам без грамадзянства па шырокаму колу пытаньняў, якія тычацца іх правоў на тэрыторыі Беларусі, а менавіта:

— атрыманьне віду на жыхарства ў Беларусі,

— працэдура рэгістрацыі,

— працаўладкаваньне замежных грамадзян у Беларусі,

— пытаньні мэдычнага забесьпячэньня,

— права на адукацыю для замежных грамадзян,

— сытуацыі высылкі, дэпартацыі зь Беларусі,

— зварот за сховішчам ў Беларусі і іншыя

Зьвярнуцца ў прыёмную можна зь любога рэгіёну Беларусі.

— Мы прапануем дапамогу замежным грамадзянам, якім складана самастойна разабрацца ў тонкасьцях беларускага заканадаўства, каб гэтыя людзі разумелі свае правы і маглі іх абараніць. Часта, калі людзі прыязджаюць у іншую краіну вымушана або па сваёй волі, па многіх прычынах ім адразу складана арыентавацца нават у базавых пытаньнях: як зарэгістравацца, аддаць дзяцей у школу, уладкавацца на працу. Наша юрыдычная прыёмная будзе дапамагаць замежнікам выконваць беларускае заканадаўства. Таксама мы будзем сачыць за тым, каб іх правы не парушаліся і іх уразьлівасьцю ніхто не злоўжываў, — патлумачыла каардынатарка прыёмнай Эніра Браніцкая.

Юрыдычная прыёмная будзе працаваць 4 дні ў тыдзень: панядзелак, аўторак, серада і пятніца з 11.00 да 16.00. Тэлефон прыёмнай:+375 44 5623842, электронная пошта: legalhumanconstanta@gmail.com.

Фото: Rémi Walle, unsplash.com