Мірны сход вам у хату. Моладзь ініцыявала кампанію па зьмене закону аб масавых мерапрыемствах

27/09/2017

Валянтэрская служба Праваабарончага цэнтру “Вясна” прывітала восень кампаніяй па зьмене нацыянальнага закону “Аб масавых мерапрыемствах”.

Пачынаючы зь верасьня ў пляны актывістаў урываюцца акцыі, флэшмобы і асьветніцкія мерапрыемствы, пры дапамозе якіх яны мяркуюць тлумачыць, чаму дзеючае заканадаўства — гэта бязглузьдзіца.

Маладзёны адзначаюць, што беларускія вуліцы чыстыя ня толькі ад сьмецьця, але і ад любой свабоды выказваньня, якая, між іншым, гарантаваная кожнаму грамадзяніну Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі дамовамі.

Скрыншот сайта sxod.by

Скрыншот сайта sxod.by

 

Сачыць за навінамі кампаніі можна на адмысловым сайце — sxod.by, дзе раскладзена па паліцах, чаму сытуацыя зь мірнымі сходамі ў Беларусі абсурдная. Там жа чытачы знойдуць рэкамэндацыі, заканадаўчыя акты, адказы дзяржаўных органаў і тэматычныя рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН на тэму мірных сходаў.

Калі хтосьці захоча правесьці сваё масавае мерапрыемства, на сайце лёгка знайсьці ўзоры заяваў і нават прыклады скаргаў, калі дзяржава адмовіць у праве на мірны сход.

Фота: Unsplash