Запрашаем на кансультацыйную сустрэчу па прававых аспэктах фінансаваньня НКА

24/11/2017

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі ў супрацы з Эўрапейскім цэнтрам некамэрцыйнага права (ECNL) запрашаюць на кансультацыйную сустрэчу “Фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававыя аспэкты”, якая адбудзецца ў Менску 20 сьнежня. Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі некамэрцыйных арганізацыяў ды ініцыятываў.

Падчас мерапрыемства разгледзяць пытаньні актуальнага прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкую дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня ў форме замежнай бязвыплатнай дапамогі і міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Асобная ўвага будзе нададзеная магчымым зьменам у парадак атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі праз унясеньне зьменаў у Дэкрэт №5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, што абмяркоўваюцца цяпер у Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі змогуць атрымаць індывідуальныя кансультацыі па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных з прававым забесьпячэньнем фінансаваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Удзельнікі і ўдзельніцы кансультацыйнай сустрэчы атрымаюць друкаваныя раздаткавыя матэрыялы па тэме прававога рэгуляваньня фінансаваньня некамэрцыйных арганізацыяў.

Арганізатары кансультацыйнай сустрэчы будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на мерапрыемстве, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару.

Арганізатары НЕ прадугледжваюць кампэнсацыю транспартных выдаткаў, зьвязаных з наведваньнем мерапрыемства.

Кансультацыйная сустрэча адбудзецца 20 сьнежня 2017 г. (серада), пачатак а 11.00, працягласьць сустрэчы — да 6 гадзінаў. Месца правядзеньня і падрабязную праграму кансультацыі паведамяць удзельнікам і ўдзельніцам дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у кансультацыйнай сустрэчы, неабходна да 18.00 14 сьнежня, запоўніць электронную анкету.

Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам і ўдзельніцам мерапрыемства не пазьней за 16 сьнежня.

Фота — unsplash.com