Круглы стол “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі”

02/06/2017

Цэнтар прававой трансфармацыі ў супрацоўніцтве з Асамблеяй НДА Беларусі ладзяць у Менску круглы стол “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі”.

Мерапрыемства будзе прысьвечана абмеркаваньню прававых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца беларускія некамэрцыйныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў форме ўстановы.

Правядзеньне круглага стала абумоўлена ўзрослай у апошні час папулярнасьцю дадзенай арганізацыйнай формы, у межах якой установы сутыкаюцца з новымі прававымі выклікамі, якія адрозьніваюць іх ад іншых формаў некамэрцыйных арганізацыяў (напрыклад, грамадзкіх аб’яднаньняў).

У межах мерапрыемства арганізатары плянуюць абагульніць існуючую правапрымяняльную практыку ў такіх сфэрах, як:

— Першачарговыя дзеяньні пасьля рэгістрацыі;

— Спэцыфіка ажыцьцяўленьня ўстановамі прадпрымальніцкай і іншай фінансавай дзейнасьці (уключаючы пэрыядычныя прапановы з боку дзяржаўных органаў аб ліквідацыі установаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці);

— Праблемы арганізацыі бухгальтарскага ўліку;

— Асаблівасьці дзейнасьці ўстановаў культуры і асьветніцкіх арганізацыяў у сьвятле ўнясеньня зьменаў у Кодэкс аб адукацыі і набыцьця моцы Кодэкса аб культуры;

— Практыка афармленьня адносінаў з асобамі, якія ўдзельнічаюць у дзейнасьці ўстановаў, досьвед узаемадзеяньня ўстановаў з падатковымі і іншымі дзяржаўнымі органамі.

У выніку абмеркавання будуць вызначаныя найбольш актуальныя для ўстановаў напрамкі рэфармаваньня заканадаўства, якія маглі б стаць прадметам сумеснага прасоўваньня ў мэтах паляпшэньня прававых умоваў для гэтай групы арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Да ўдзелу ў круглым стале запрашаюцца па адным прадстаўніку / прадстаўніцы зарэгістраваных у Беларусі прыватных установаў, юрысты, якія працуюць зь некамэрцыйнымі арганізацыямі, а таксама прадстаўнікі кампэтэнтных дзяржаўных органаў.

Круглы стол “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі” пройдзе ў Менску 20 чэрвеня 2017 г. Пачатак а 12.00, працягласьць — да 5 гадзінаў. Пацьверджаньне ўдзелу і месца правядзеньня будзе накіравана ўдзельнікам дадаткова не пазьней за 16 чэрвеня.

Для таго, каб прыняць удзел у круглым стале, неабходна запоўніць электронную анкету. Заяўкі прымаюцца да 15 чэрвеня, 18.00 па менскім часе.