Леанід Судаленка стаў лідэрам Прававой ініцыятывы

22/03/2017

Праваабаронцу выбралі старшынём арганізацыі на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі РГА “Прававой ініцыятывы” 18 сакавіка .

Як паведаміў Судаленка, новым напрамкам працы НДА стане “параўнальнае правазнаўства”: юрысты плянуюць параўноўваць беларускія законы з сусьветнай практыкай і міжнароднымі актамі, у тым ліку тымі, да якіх далучылася Беларусь. Асноўнымі ж напрамкамі дзейнасьці арганізацыі застануцца прававая асьвета, а таксама разьвіцьцё супрацоўніцтва зь беларускім і міжнародным няўрадавымі арганізацыямі.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

 

Сёньня “Прававая ініцыятыва” налічвае 100 чалавек, большасьць зь якіх – юрысты і юрысткі. Філіі арганізацыі дзейнічаюць у Берасьці і Гомелі, а сябры “Прававой ініцыятывы” ёсьць ва ўсіх абласьцях краіны акрамя Віцебскай. Па словах новага старшыні арганізацыі, пашырэньне па геаграфічным прынцыпе таксама ўваходзіць у кола задачаў аб’яднаньня.

РГА “Прававая ініцыятыва” афіцыйна зарэгістраваная у 1996 годзе з мэтай аказаньня садзейнічаньня пабудове ў Беларусі прававой дзяржавы, захаваньню правоў чалавека і павышэньня прававой культуры грамадзян. Аб’яднаньне аказвае інфармацыйную падтрымку, дапамогу арганізацыям або групам (правядзеньне трэнінгаў / сэмінараў, асьветніцкая дзейнасьць). Адным з брэндаў арганізацыі ёсьць навучальныя сэмінары “Грамадзянін і сьледзтва”.

Прававая ініцыятыва зьяўляецца сябрам Асамблеі НДА. У 2016 годзе Асамблея ў супрацоўніцтве з экспэртамі-праваабаронцамі з “Прававой ініцыятывы” выдала брашуру “Грамадзянін і правапарадак. Прававыя і псыхалягічныя аспэкты”.

Паводле naviny.by