Ліквідацыю ўстановаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем імі прадпрымальніцкай дзейнасьці абмеркавалі ў Міністэрстве па падатках і зборах

10/08/2017

Нагодай для сустрэчы з намесьніцай міністра Элай Сяліцкай стаў калектыўны зварот 26 беларускіх ўстановаў.

Калектыўны зварот тычыўся пытаньня неспрыяльнай практыкі накіраваньня падатковымі інспэкцыямі на адрас установаў запытаў аб прычынах неажыцьцяўленьня імі прадпрымальніцкай дзейнасьці і прапановаў аб добраахвотнай ліквідацыі на гэтай падставе. У межах такой практыкі падатковыя органы не ўлічваюць нормы заканадаўства і некамэрцыйную прыроду ўстановаў, для якіх, згодна з Грамадзянскім кодэксам, ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці (продаж тавараў, работ або аказаньне паслугаў) зьяўляецца правам, але не абавязкам.

Нагадаем, што нядаўна гэтую праблему абмеркавалі на круглым стале “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі”, які ладзілі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі.

Праблема ліквідацыі няўрадавых установаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці набывае асаблівую актуальнасьць у сьвятле набыцьця моцы 3 верасьня бягучага году новай рэдакцыі Палажэньня аб ліквідацыі (спыненьні дзейнасьці) суб’ектаў гаспадараньня, зацьверджанай 28 лютага 2017 г. З аднаго боку, новая рэдакцыя Палажэньня канкрэтна паказвае, што ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці можа быць ліквідаваная толькі камэрцыйная арганізацыя (пры гэтым павялічаны з 12 да 24 месяцаў тэрмін неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, па заканчэньні якога можа быць ініцыяваны працэс ліквідацыі). У той жа час новыя нормы прадугледжваюць магчымасьць ліквідацыі без высьвятленьня прычынаў неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

У цяперашні час ўстановы ставяцца на ўлік падатковымі органамі без разьдзяленьня іх у клясыфікацыі юрыдычных асобаў ад камэрцыйных арганізацыяў. У сувязі з гэтым выклікае занепакоенасьць верагоднасьць захаваньня ранейшай практыкі з улікам новых нормаў: калі падатковыя органы па-ранейшаму ня будуць асаблівым чынам улічваць некамэрцыйны статус юрыдычных асобаў, становішча установаў, якія неажыцьцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасьць, можа сур’ёзна пагоршыцца з-за ініцыяваньня іх аўтаматычнай ліквідацыі без накіраваньня якіх-небудзь запытаў або папярэджаньняў.

У ходзе сустрэчы ў Міністэрстве па падатках і зборах Вольга Смалянка, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі, падрабязна абмеркавала з намесьніцай міністра і спэцыялістамі міністэрства прычыны і характар гэтай праблемы, абгрунтаваўшы неабходнасьць зьмены падыходаў падатковых органаў да ўліку некамэрцыйных арганізацыяў.

Вольга Смалянка пазытыўна ацаніла вынікі сустрэчы з намесьніцай міністра па падатках і зборах Элай Сяліцкай, якая курыруе пытаньні падаткаабкладаньня юрыдычных асобаў:

— У мяне склалася ўражаньне, што ў Міністэрстве ўсьвядомілі наяўнасьць і характар праблемы і выказалі жаданьне ў ёй разабрацца. Рана казаць пра тое, што яна будзе вырашана адразу: нягледзячы на яе ўяўны тэхнічны характар, спэцыялістам міністэрства прыйдзецца разьбірацца ў самой прыродзе некамэрцыйных арганізацыяў. Магчыма, гэта стане крокам да пераадоленьня інэрцыі дзяржаўных органаў, якія не прывыклі ўлічваць спэцыфіку некамэрцыйных арганізацыяў нават тады, калі яна замацаваная ў нормах заканадаўства, — сказала Вольга Смалянка.

У Міністэрстве па падатках і зборах абяцаюць вывучыць выкладзеную ў калектыўным звароце праблему і даць адказ у вызначаны законам тэрмін.