Мэмарыялізацыя Курапатаў — пасьля вызваленьня яе абаронцаў

05/04/2017

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “Экспэрты ў абарону Курапатаў” 5 красавіка сустрэліся зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым. Вацлаў Арэшка, Аляксей Марачкін і Марат Гаравы запатрабавалі сьпярша вызваліць абаронцаў, а ўжо пасьля займацца мэмарыялізацыяй Курапатаў.

У часе сустрэчы грамадзкія дзеячы перадалі чыноўнікам адкрыты ліст грамадзкасьці да міністра культуры. Зварот утрымлівае 5 умоваў, якія б зрабілі магчымай супрацу ва ўшанаваньні памяці ахвяраў савецкіх бальшавіцкіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі:

— Перш чым абвяшчаць конкурс на “найлепшы праект памятнага знаку ў Курапатах”, дзяржава мае вызваліць усіх абаронцаў Народнага мэмарыялу і грамадзян, затрыманых паводле палітычных абвінавачваньняў;

— Ахоўная зона Курапатаў павінна быць вернутая да праекту 2003 году і захаваная назаўсёды;

— Мэмарыялізацыя ня можа адбывацца як абстрактны акт “ушанаваньня ўсіх ахвяраў ХХ стагодзьдзя”. Дзяржава абавязаная адкрыць імёны курапацкіх ахвяраў і толькі пасьля гэтага мае маральнае права прапаноўваць захады для іх ушанаваньня.

— Курапаты — сьвятое месца, якое належыць усяму беларускаму народу. Любы конкурс на праекты помнікаў ці на зьмену выгляду Курапатаў можа быць або грамадзкім або грамадзка-дзяржаўным. Гэта азначае, што фармуляваньне ўмоваў творчага спаборніцтва і фармаваньне ягонага журы павінна праходзіць з удзелам прадстаўнікоў грамадзкіх структур, а ўсе этапы конкурсу павінны быць адкрытыя для абмеркаваньня беларускім грамадзтвам.

— Падставовыя прынцыпы мэмарыялізацыі Курапатаў былі сфармуляваныя беларускай грамадзкасьцю яшчэ 25 сакавіка 2002 г. і пацьверджаныя 14 мая 2016 году. Іх абмяркоўвалі і падтрымалі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, Асамблея НДА Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, прафсаюз РЭП і вялікі шэраг іншых арганізацыяў, ініцыятываў і дзеячаў. Правілы конкурсу і патрабаваньні да ўдзельнікаў павінны не супярэчыць гэтым прынцыпам.

Сярод падпісантаў лісту — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археоляг Валянціна Вяргей, грамадзкая дзяячка Валянціна Сьвяцкая, мовазнаўца Вінцук Вячорка, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, мастакі Мікола Купава, Генадзь Драздоў і Ігар Марачкін, бард Аляксей Галіч і грамадзкі актывіст Алесь Макаў.