Мінадукацыі запрасіла ТБШ і ТБМ абмеркаваць беларускамоўнае навучаньне

13/04/2017

12 красавіка на круглым стале ў БДПУ імя М. Танка, арганізаваным Міністэрствам адукацыі пры ўдзеле дэпутаткі Алены Анісім, абмеркавалі стварэньне сыстэмы беларускамоўнага навучаньня.

Вёў круглы стол першы намесьнік міністра адукацыі Вадзім Богуш. На пасяджэньне 12 красавіка 2017 году былі запрошаныя прадстаўнікі Мінадукацыі, пэдагагічнага ўнівэрсытэта, дырэктар Дзераўнянскай школы, загадчыца 187 дзіцячага садка, прэса (“Настаўніцкая газэта”) а таксама прадстаўнікі дзьвюх грамадзкіх арганізацыяў: Таварыства беларускай мовы (Алена Анісім) і Таварыства беларускай школы (Тамара Мацкевіч).

Вадзім Богуш у вітальным слове зазначыў, што існуе Комплексны плян падтрымкі беларускай мовы, у адпаведнасьці зь якім і дзейнічае Мінстэрства адукацыі. Аднак адукацыя сёньня мае шмат выклікаў, якія зьвязаны ня толькі з пашырэньнем сфэры ўжытку беларускай мовы. Напрыклад, інтэрнэт адкрыў вучням магчымасьці доступу да вялікага аб’ёму інфармацыі, сярод якой шмат фэйкавых зьвестак. У дадатак масмэдыя выкарыстоўваюць маніпулятыўныя тэхналёгіі, і нашая моладзь павінна мець навыкі, каб ім супрацьстаяць. Прарэктар па выхаваўчай рабоце БДПУ Святлана Копцева працягнула думку, што фармаваньне ідэнтычнасьці беларусаў можа быць тым каштоўнасным фільтрам, які абароніць іх ад маніпуляцыйнага ўзьдзеяньня мэдыя. Яна распавяла пра тое, што робіць пэдагагічны ўнівэрсытэт для пашырэньня ўжытку беларускай мовы і вывучэньня нацыянальнай культуры, і што гэта выклікае толькі станоўчыя эмоцыі ў студэнтаў і выкладчыкаў.

Алена Анісім агучыла прапановы, падрыхтаваныя Таварыствам беларускай мовы, якія былі перададзеныя першаму намесьніку міністра адукацыі Вадзіму Богушу:

— Ва ўсіх пэдагагічных унівэрсытэтах адкрыць групы зь беларускай мовай навучаньня для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў-прадметнікаў;

— У ВНУ павялічыць колькасьць гадзінаў на выкладаньне гісторыі на беларускай мове з увядзеньнем абавязковага экзамэну (а не закліку);

— Гісторыю Беларусі і геаграфію Беларусі выкладаць на беларускай мове;

— У выхаваўчым і адукацыйным працэсе выкарыстоўваць беларускамоўныя фільмы кінастудыі “Летапіс”, а таксама прадукцыю тэлеканалу АНТ;

— Адкрыць у гарадах па адной гімназіі зь беларускай мовай навучаньня;

— Забясьпечыць абавязковае тэсьціраваньне на абедзьвюх дзяржаўных мовах Беларусі.

Удакладненьня патрабаваў апошні пункт прапановаў. Што ТБМ мела на ўвазе: абавязковы тэст на валоданьне абедзьвюма мовамі, ці магчымасьць выбару мовы пры здачы ЦТ па розных прадметах?

Святлана Уклейка, начальніца ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, агучыла статыстыку: колькасьць беларускамоўных школ на цяперашні момант складае 49%, аднак гэта, у асноўным, сельскія малакамплектныя школы, у якіх па-беларуску вучацца толькі 13% вучняў. Пры гэтым, яна адзначыла, існуе 17 беларускамоўных гімназій. Ніводную зь іх не закрылі, хаця выпадкі закрыцьця рускамоўных гімназій былі. Святлана Уклейка адзначыла, што яны спрабуюць пашыраць беларускую мову праз пашырэньне яе ўжытку ў інструктыўнай базе.

Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, найперш падзякавала Міністэрству адукацыі за прызнаньне і падтрымку інавацыйных навучальных тэхналёгіяў і праграмаў, якія вядуць грамадзкія арганізацыі. У першую чаргу гэта тычыцца праграмаў па стратэгіі актыўнай ацэнкі і мэдыяадукацыі, паводле якіх Міністэрства зацьвердзіла працу інавацыйных пляцовак у школах.

ТБШ пагадзілася з прапановамі ТБМ і ўнесла наступныя прапановы:

З улікам кампэтэнцыяў Міністэрства адукацыі (не Міністэрства прымае рашэньне пра стварэньне беларускамоўных навучальных установаў і клясаў):

— Закласьці як абавязковы пры абнаўленьні навучальных праграмаў і напісаньні сучасных падручнікаў прынцып беларусацэнтрычнасьці. Г.зн. адукацыя павінна даваць практычныя, арыентаваныя на патрэбы і рынак працы Беларусі веды і ключавыя кампэтэнцыі, спрыяць  фармаваньню мадэрнай беларускай нацыі. Толькі тады адукацыя будзе выконваць сваю сацыякультурную місію.

— Міністэрству адукацыі паказаць прыклад астатнім: пачаць са стварэньня паўнавартаснай беларускамоўнай вэрсіі сайту Міністэрства адукацыі, зрабіць яе асноўнай.

— Рыхтаваць законапраекты (напрыклад, новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі) і іншую дакумэнтацыю на беларускай мове.

— Пазьбягаць стварэньня для беларускай мовы этна-культурнага гета. Спрыяць перавядзеньню на беларускамоўнае выкладаньне найперш самых прэстыжных гімназій і школ, падтрымліваць навучаньне па-беларуску STEM-прадметаў, заахвочваць для гэтага найлепшых настаўнікаў. Беларусь будзе сучаснай, калі ўсё новае і сучаснае будзе беларускім;

— Забясьпечыць беларускамоўным вучням магчымасьць мець ня толькі падручнікі, але і працоўныя сшыткі, атласы і да т.п.;

— Забясьпечыць пераемнасьць беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях і арыентавацца ў найбліжэйшай пэрспэктыве на колькасьць беларускамоўных навучальных установаў у адпаведнасьці зь перапісам насельніцтва па прызнаньні беларускай мовы роднай;

— ТБШ прапанавала Міністэрству адукацыі валянтэрскую дапамогу ў перакладах, стварэньні сучаснай тэрміналёгіі, перадачы сучасных мэтодыкаў і зьместу для павышэньня кваліфікацыі пэдагогаў.

Кіраўнікі беларускамоўных установаў (школы і дзіцячага садка) распавялі пра свае посьпехі і мэтады папулярызацыі беларускай мовы і беларускамоўнага навучаньня. Аднак адзначылі, што шмат вырашае агульная атмасфэра ў грамадзтве, настрой і асьцярога бацькоў.

Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы круглага стала адзначылі рост папулярнасьці беларускай мовы сярод моладзі, аднак пагадзіліся, што ня ўсё залежыць ад Міністэрства адукацыі і яго структураў. Беларуская мова павінна быць запатрабаваная ў дзяржаве, ва ўсіх сфэрах.

Напрыканцы сустрэчы праца круглага стала перайшла ў рэжым мазгавога штурму, гучала шмат прапановаў, як падтрымаць беларускую мову. Нават прапанавалі ТБШ весьці навучальную праграму на першым нацыянальным канале. (Для даведкі: ТБШ – ня супраць!)

Пры падсумаваньні Вадзім Богуш запэўніў: “Мы будем делать всё возможное, опираясь на права и желания, которые есть у общества”.

Паводле nastaunik.info