Хто стане Чэмпіёнам грамадзянскай супольнасьці-2017?

14/12/2017

21 сьнежня Асамблея НДА абвесьціць Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці. Зірніце на шорт-ліст прэміі, каб даведацца пра самых знакавых, крэатыўных і заўважных асобаў і НДА трэцяга сэктару ў 2017 годзе.

Сёлета ў намінацыі “Лідэр году / лідэрка году” прадстаўленыя: Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, лідэр кампаніі “Павестка 50”; Сьвятлана Зінкевіч, дырэктарка Офісу эўрапейскай экспэртызы і камунікацыяў, адна зь ініцыятарак “Сакавіцкіх сустрэчаў” і суарганізатарка конкурсу SocialWeekend, Наста Лойка, праваабаронца, каардынатарка Валянтэрскай службы “Вясны” і ініцыятывы “Грамадзянскі кантроль” (#ControlBY), Андрэй Стрыжак, адзін з каардынатараў кампаніі дапамогі рэпрэсаваным #By_Help, адзін з ініцыятараў звароту за адстаўку міністра абароны ў сувязі зь дзедаўшчынай у войску і Генадзь Фядыніч, старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП, абаронца правоў працоўных.

Кампанія салідарнасьці “Патрыёт — не злачынца”. Фота: “Новы час”

Кампанія салідарнасьці “Патрыёт — не злачынца”. Фота: “Новы час”

 

У намінацыі “Кампанія году” прыз уручаць ініцыятарам ды ініцыятаркам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў 2017 годзе.

За статуэтку пазмагаюцца 5 кампаніяў: Кампанія грамадзкага пратэсту супраць арэнды 91 км ракі Прыпяць; Кампанія дапамогі рэпрэсаваным #By_Help; Кампанія за зьмену практыкі ліквідацыі некамэрцыйных ўстановаў за неажыцьцяўленьне імі прадпрымальніцкай дзейнасьці; Кампанія салідарнасьці “Патрыёт — не злачынца”; Кампанія ў абарону Курапатаў.

Прэмію Асамблеі НДА ў намінацыі “Новая ініцыятыва” маюць шанец атрымаць: Грамадзкі рух “Дзея”; Ініцыятыва “Файна”; дзьве ініцыятывы зь Віцебску “Хайсы” і “Крылы надзеі”; Першая неканфэрэнцыя для школьных настаўнікаў EdCamp; “Сакавіцкія сустрэчы” і Цэнтар беларускай мовы з Гомеля.

Кампанія грамадзкага пратэсту супраць арэнды 91 км ракі Прыпяць. Фота: Радыё Свабода

Кампанія грамадзкага пратэсту супраць арэнды 91 км ракі Прыпяць. Фота: Радыё Свабода

 

Прыз у намінацыі “Рэгіянальная падзея” ўручаць ініцыятарам найбольш значнай для лякальных супольнасьцяў грамадзкай акцыі, кампаніі, падзеі як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Менску.

У гэтай намінацыі “чэмпіёнам” могуць назваць: Адкрыцьцё даступнага пляжу ў Лідзе; Гарадзкія сходы ГДФ у Гомелі; Дваравы фэстываль “Арэлі” ў Берасьці; Дранік-фэст 2017 у Магілёве; Абарону сквэру ў Менску “Котаўка, жыві”; Рэгіянальныя “маршы недармаедаў” супраць дэкрэту №3.

Кампанія за зьмену практыкі ліквідацыі некамэрцыйных ўстановаў за неажыцьцяўленьне імі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Фота: Belsat.eu

Кампанія за зьмену практыкі ліквідацыі некамэрцыйных ўстановаў за неажыцьцяўленьне імі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Фота: Белсат

 

На “Крэатыў году” намінаваныя: “Вершы на сьценах” у Берасьці і Магілёве; Галерэя на звалцы ў Маладэчне, Мабільны дадатак “Будзь валянтэрам”; Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка; Стварэньне Сашам Чабатаровым сэрыі лягатыпаў і выяваў грамадзка значных падзеяў; сэрвіс “Зялёная шафа”.

Прыз за намінацыю “Партнэрства году” ўручацца за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, што аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці.

У шорт-ліст гэтай намінацыі патрапілі: Беларуска-нямецкі жаночы фэстываль “RaCAMAha” у Баранавічах; “Беларускія ўікэнды”; Кааліцыя праваабарончых арганізацыяў; Кампанія “My cup, please”; Публічная прастора Komnata 3/0/2.

Кампанія ў абарону Курапатаў. Фота: БелаПАН

Кампанія ў абарону Курапатаў. Фота: БелаПАН

 

Безумоўна, сёлета ўручаць антыпрэмію — “Гарбуз году” інстытуцыям і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА.

Таксама журы адзначыць прызам лепшых “Мэдыя / журналіста году / журналістку году” за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне грамадзкай дзейнасьці. У гэтую намінацыю вылучаныя: сайт 34mag.net, берасьцейскі сайт Binkl.by, беларускамоўны рэсурс Hrodna.life, гомельскі блогер Максім Філіповіч, “Радыё Свабода” за арганізацыю стрымаў, якія ахапілі вялікую аўдыторыю па ўсёй краіне, зь сёлетніх значных грамадзкіх падзеяў.

Кампанія дапамогі рэпрэсаваным #By_Help. Фота: Радыё Свабода

Кампанія дапамогі рэпрэсаваным #By_Help. Фота: Радыё Свабода

 

“Мэдыяактыўнасьцю году” назавуць прыкметнае ў бягучым годзе мэдыя няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы (сайту / блогу / суполцы ў сацыяльнай сетцы / іншаму мэдыярэсурсу).

Званьне “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” ў гэтай намінацыі маюць шанец атрымаць: Праект #такаякакесть375; Сайт і сацыяльныя сеткі “Аховы птушак Бацькаўшчыны”; Сайт і сацыяльныя сеткі праекту MAKEOUT; Cацыяльныя сеткі незалежнага прафсаюзу РЭП; Сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”; Сацыяльныя сеткі Праваабарончага цэнтру “Вясна”; Тэматычныя мэдыяпрадукты БХК.

Варта адначыць, што сёлетні лонг-ліст Прэміі складаўся з 118 прапановаў у 9 намінацыях.

Як мы вызначаем пераможцаў

У 2017 годзе Прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца ў дзявяты раз.

Па традыцыі пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (43 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 67 спэцыяльна запрошаных экспэртаў зь ліку лідэраў і лідэрак НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў.