Няўрадавыя арганізацыі перакладуць беларускае заканадаўства

28/02/2017

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і ініцыятыва “Дзея” распачынаюць кампанію па перакладзе заканадаўства на беларускую мову.

Арганізатары маюць намер ня толькі перакласьці асноўныя законы, але і дамагчыся, каб іх зацьвердзілі на афіцыйным узроўні.

Далучыцца да ініцыятывы запрашаюць ўсіх ахвочых. Пераклад будзе весьціся пасродкам анлайн-плятформы, якая дазволіць перакладаць вялікай колькасьці людзей адначасова.

4 сакавіка 2017 году пройдзе першы “перакладатон”, мерапрыемства для супольнай працы над перакладам, якое дапаможа разабрацца з плятформай. “Перакладатон” адбудзецца ў сядзібе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13). Пачатак а 12.00. Зразумець, як карыстацца плятформай можна і самастойна.

— Асацыяцыя Эўрапейскага Бізнэсу праводзіла курс бізнэс-беларускай для прадпрымальнікаў, якія хацелі б больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй працы. Я гэты курс рыхтавала і выкладала. І ўжо на этапе падрыхтоўкі стала зразумела, што без афіцыйнага заканадаўства на беларускай мове ня тое што справаводзтва, нават заняткі весьці складана. Як заключыць працоўную дамову на беларускай мове, калі Працоўны кодэкс ёсьць толькі на расейскай? Можна, але недакладнасьці ў тэрмінах абавязкова будуць. Тое ж тычыцца і Грамадзянскага кодэксу.

Адсутнасьць афіцыйных беларускамоўных варыянтаў гэтых законаў — бар’ер, які стрымлівае вялікую колькасьць кампаніяў ад вядзеньня працы і афармленьня дакумэнтаў па-беларуску, — распавядае Вераніка Мазуркевіч, ініцыятарка кампаніі.

Да працы над канчатковымі варыянтамі перакладаў будуць прыцягнутыя прафэсійныя рэдактар і карэктар.

Кантактныя асобы кампаніі: Вераніка Мазуркевіч, ініцыятарка кампаніі, +375 29 6938671, transcreation.bel@gmail.com; Пётр Маркелаў, мэдыя-служба “Дзеі”, +375 29 6986855, yaptro@gmail.com.