Палепшым умовы падаткаабкладаньня для НКА. Далучайцеся да калектыўнага звароту

28/09/2017

Экспэрты і экспэрткі Міжнароднага асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “АКТ” падрыхтавалі прапановы па зьмене падатковага заканадаўства ў дачыненьні да некамэрцыйных арганізацыяў.

Калектыўны зварот ад арганізацыяў мае быць адпраўлены да 30 верасьня 2017 г., пакуль Міністэрства фінансаў уносіць зьмены ў Падатковы кодэкс.

Прапановы ад НКА плянуюць накіраваць у Міністэрства фінансаў, Міністэрства падаткаў і збораў і Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці.

Прапановы:

— Адмяніць падаходны падатак для атрымальнікаў за паслугі некамэрцыйных арганізацыяў і іншай дапамогі ад іх у натуральнай форме незалежна ад крыніцы фінансаваньня.

— Стымуляваць пэрсанальную дабрачыннасьць фізычных асобаў. Увесьці дадатковую падставу для сацыяльнага падатковага выліку ў памеры 10% на суму ахвяраваньняў НКА.

— Не абкладаць падаткам на прыбытак замежную бязвыплатную дапамогу, якую атрымліваюць НКА.

— Стварыць роўныя ўмовы для НКА для прыцягненьня сродкаў ад бізэнес-структураў, пашырыўшы норму льгатаваньня валавага прыбытку і вызваленьня ад падатку на прыбытак дывідэндаў на ўсе НКА.

Зварот могуць падпісаць зарэгістраваныя ў Беларусі некамэрцыйныя арганізацыі, незалежна ад іх напрамку дзейнасьці і месца рэгістрацыі.

Падпісаць дакумэнт можа кіраўнік / кіраўніца арганізацыі або іншая ўпаўнаважаная асоба, пры гэтым неабходна паставіць пячатку. Калектыўны зварот будзе аформлены ў выглядзе ліста з табліцай унізе звароту, у якой будуць пазначаныя дадзеныя аб арганізацыі і чалавеку, які ставіць подпіс.

Падпісаць калектыўны зварот можна ў офісе МАГА “АКТ” па адрасе: Менск, пр-т Машэрава, 25-323, папярэдне патэлефанаваўшы праз тэл.: +375 29 6262051 (Юлія Станкевіч) або +375 29 6940161 (Алена Радзівонава):

— 28 верасьня з 10 да 19 гадзінаў;

— 29 верасьня з 10 да 15 гадзінаў.

 

Дэталёва азнаёміцца з прапановамі МАГА “АКТ” можна ніжэй:

Зварот у Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах;

Зварот у Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці;

Тлумачэньні да прапановаў.