Праблемы прававога рэгуляваньня прыватных установаў у Беларусі. Аналітычная запіска

12/10/2017

Выйшаў агляд праблемаў прававога рэгуляваньня ўстановаў, якія цяпер зьяўляюцца папулярнай формай для рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў. У дакумэнце ня толькі ідэнтыфікуюцца праблемы, зь якімі сутыкаюцца ўстановы, але і даюцца рэкамэндацыі па ўдасканаленьні заканадаўства дзеля вырашэньня гэтых праблемаў.

Аўтарка аналітычнай запіскі “Праблемы прававога рэгуляваньня прыватных установаў у Беларусі” — дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка.

У Беларусі папулярнасьць набывае такая арганізацыйна-прававая форма некамэрцыйных арганізацыяў, як установы, створаныя фізычнымі асобамі або юрыдычнымі асобамі прыватнай формы ўласнасьці. Грунтуючыся на аналізе кансультацыйнай дзейнасьці Цэнтру прававой трансфармацыі і Асамблеі НДА Беларусі з упэўненасьцю можна сказаць, што колькасьць прыватных установаў у Беларусі стабільна расьце.

 

Улетку 2016 году экспэрты Асамблеі НДА, Цэнтру прававой трансфармацыі і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту правялі комплекснае дасьледаваньне прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў і падрыхтавалі “Аналітычную справаздачу па праекце распрацоўкі прапановаў рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю заканадаўства ў сфэры прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў”.

Агульныя і сыстэмныя праблемы прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў, рэкамэндацыі па зьмене заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, выкладзеныя ў дадзеным дасьледаваньні, характэрныя і распаўсюджваюцца ў тым ліку і на некамэрцыйныя арганізацыі ў форме ўстановаў. У той жа час прыватныя ўстановы зьяўляюцца асобнай і самой малавывучанай арганізацыйна-прававой формай некамэрцыйных арганізацыяў. Мэтай дадзенай аналітычнай запіскі ёсьць вылучэньне праблемаў прававога рэгуляваньня, якія зьяўляюцца характэрнымі менавіта для дадзенай арганізацыйна-прававой формы некамэрцыйных арганізацыяў.

Дакумэнт таксама зьмяшчае рэкамэндацыі для дзяржорганаў па зьмяненьні беларускага заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях, незалежна ад іх арганізацыйна-прававой формы.

Спампаваць аналітычную запіску “Праблемы прававога рэгуляваньня прыватных установаў у Беларусі”

Фота вокладкі: Dan Dimmock, unsplash.com