Вынікі абмеркаваньня праекту закону “Аб абыходжаньні з жывёламі” застаюцца таямніцай

09/03/2017

Зоаабаронцы ня могуць даведацца вынікі грамадзкага абмеркаваньня закону “Аб абыходжаньні з жывёламі”, які ўжо 1,5 году ляжыць у Палаце Прадстаўнікоў.

Увесну 2016 году, калі праводзілася абмеркаваньне законапраекту, грамадзяне і грамадзкія арганізацыі скіравалі вялікую колькасьць прапановаў па яго ўдасканаленьні. Мінуў год, а ніякай інфармацыі аб тым, ці ўлічаныя прапановы — няма.

Месяц таму абаронцы жывёлаў накіравалі ліст старшыні камісіі па жыльлёвай палітыцы і будаўніцтву Дарагакупцу Ю.І. (за гэтай камісіяй замацаваны законапраект) з просьбай азнаёміць грамадзкасьць з вынікамі грамадзкага абмеркаваньня. У атрыманым адказе заяўлялася: “вести речь о его [законопроекта] содержании преждевременно”, бо ён узгадняецца ў розных зацікаўленых арганізацыях.

Зоаабаронцы абураюцца, бо яны акурат зьяўляюцца  тымі зацікаўленымі суб’ектамі, і ў адпаведнасьці з прынцыпамі транспарэнтнасьці і падсправаздачнасьці грамадзянам краіны, якімі мусяць кіравацца дэпутаты, бягучая вэрсія законапраекту павінная была б быць даступная і ім, як зрэшты і проста зацікаўленым грамадзянам.

КАМЭНТАР ЮРЫСТА

Праект закону “Аб абыходжаньні з жывёламі”: вынікі грамадзкага абмеркаваньня застаюцца таямніцай

Паводле юрыста Юрыя Чавусава, склалася парадаксальная сытуацыя:

— Праект закону “Аб абыходжаньні з жывёламі” быў ініцыяваны пад ціскам грамадзкасьці, побач з увядзеньнем крымінальнай адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі (якая ўжо дзейнічае). Гэты нарматыўны акт прыцягвае вялікую ўвагу грамадзкасьці, зоаабарончых НДА і простых грамадзянаў.

Але ўжо паўтара года ён ляжыць у Палаце Прадстаўнікоў, і надзейнай інфармацыі пра цяперашні выгляд законапраекта не агучваецца. Так, профільная камісія заяўляе пра намер вынесьці законапраект на разгляд парлямэнту на бліжэйшай сэсіі — але сам тэкст дакумэнту застаецца схаваным ад грамадзкасьці.

На дзяржаўных сайтах ёсьць толькі папярэдняя вэрсія дакумэнту, якая выносілася год таму на грамадзкае абмеркаваньне. У часе абмеркаваньня да законапраекта падаваліся сотні прапановаў ад зацікаўленых суб’ектаў, але дагэтуль невядома, якія прапановы былі ўлічаныя, ніякай абагульненай інфармацыі пра вынікі грамадзкага абмеркаваньня не падаецца. Больш за тое, з камэнтароў профільнай камісіі парлямэнту вынікае, што пры падрыхтоўцы законапраекту да першага чытаньня яна ў першую чаргу кансультавалася зь дзяржаўнымі ведамствамі, запрашала прадстаўнікоў выканаўчай улады на свае пасяджэньні.

Атрымліваецца, што ініцыятары законапраекту — грамадзкія арганізацыі, апынуліся адсунутымі ад працы з тым законапраектам, які самі ініцыявалі. Гэтая таямніца выклікае ў зоаабаронцаў справядлівую насьцярожанасьць: ёсьць рызыка, што той законапраект, які будзе вынесены на разгляд парлямэнту на вяснавой сэсіі, будзе істотна адрозьнівацца ад распрацаванага рабочай групай, і ня вырашыць тых грамадзкіх пытаньняў, дзеля якіх ён і быў уласна ініцыяваны, — падсумоўвае Юрый Чавусаў.

Нагадаем, законапраект “Аб абыходжаньні з жывёламі” маецца разгледзець на бліжэйшай сэсіі ПП.

ГІСТОРЫЯ ПРАЦЫ НАД ЗАКОНАПРАЕКТАМ

Праект закону “Аб абыходжаньні з жывёламі”: вынікі грамадзкага абмеркаваньня застаюцца таямніцай

Тры гады таму беларуская грамадзкасьць пачала актыўна выказваць занепакоенасьць адсутнасьцю ў краіне закону “Аб абыходжаньні з жывёламі”. Ва ўладныя структуры былі адпраўленыя тысячы зваротаў грамадзянаў, калектыўныя звароты зоаабарончых аб’яднаньняў, вядомых у краіне людзей — музыкаў, пісьменьнікаў, палітыкаў. Гэта дало свой плён, і ўвесну 2015 году законапраект пачаў распрацоўвацца. Да працэсу былі прыцягнутыя прадстаўнікі профільных грамадзкіх арганізацыяў.

Аднак, неўзабаве вынікі працы былі скасаваныя, і варыянт законапраекта, які патрапіў у кастрычніку 2015 году на разгляд у Палату Прадстаўнікоў, істотна адроьніваўся ад папярэдне ўзгодненага на Рабочых групах. Дэпутаты замест яго вярнуліся да праекту, які існаваў яшчэ ў 2011 годзе (закон спрабавалі і тады прыняць, але беспасьпяхова), і ўнесьлі некаторыя папраўкі. Такі, напрыклад, істотны і прынцыпова важны разьдзел, як “Адлоў жывёлаў” зьнік.

Фота: www.wintercroft.com