Урад зацьвердзіў праграму прыцягненьня міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 4 гады — камэнтар экспэрта

10/08/2017

Савет Міністраў Беларусі 1 жнiўня 2017 ухваліў Нацыянальную праграму міжнароднай тэхнічнай дапамогі (МТД) да 2020 году.

Дакумэнт разьмешчаны на нацыянальным прававым партале parvo.by.

Нацыянальная праграма ўлічвае глябальныя, рэгіянальныя, нацыянальныя, сэктаральныя і тэматычныя ўзроўні, абавязальніцтвы Беларусі па дасягненьні мэтаў у вобласьці ўстойлівага разьвіцьця да 2030 году, адзначае pravo.by.

Гэтая праграма прадстаўляе сабой пералік прыярытэтаў і задачаў, дзеля вырашэньня якіх Беларусь разьлічвае прыцягнуць сродкі ад міжнародных арганізацыяў і фондаў.

У ліку прыярытэтных напрамкаў прыцягненьня міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў праграме адзначаныя:

— Гарманічнае разьвіцьцё чалавека;

— Удасканаленьне інстытуцыйнага асяродзьдзя і фармаваньня спрыяльнага бізнэс-асяродзьдзя;

— Экалягічная ўстойлівасьць і бясьпека, уключна з захаваньнем і ўстойлівым выкарыстаньнем біяразнастайнасьці, дасягненьне нэўтральнага балянсу дэградацыі земляў, экалягізацыя вытворчасьці і спажываньня;

— Зьмякчэньне наступстваў і адаптацыя да зьменаў клімату;

— Рэгіянальнае разьвіцьцё.

Пры гэтым адзначаецца, што названыя прыярытэтныя напрамкі дапаўняюць прыярытэты, мэты і задачы дзяржаўных праграмаў на 2016-2020 гады. У сваю чаргу, асноўныя напрамкі дзяржаўных праграмаў таксама будуць разглядацца ў якасьці прыярытэтаў міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з улікам таго, што Ўрад Беларусі зацікаўлены ў прыцягненьні дадатковых рэсурсаў для іх рэалізацыі.

Дзейнасьць па прыцягненьню МТД будуць ажыцьцяўляць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіраваньня, аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам, юрыдычныя асобы, а па прыярытэтных напрамках, вызначаных Нацыянальнай праграмай, — Міністэрства замежных справаў. Агульная каардынацыя працы зь міжнароднай тэхнічнай дапамогай застаецца ў Міністэрства эканомікі.

Як адзначае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, праграма прадугледжвае істотнае павелічэньне аб’ёму сродкаў, якія Беларусь разьлічвае атрымаць ад міжнародных донараў:

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

 

— У мінулым чатырохгадовым цыкле засваеньня міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў 2012-2016 гадах Беларусь заявіла донарам 114 праектных прапановаў на агульную суму больш за 400 мільёнаў даляраў. Новая праграма разьлічвае на прыцягненьне ў краіну ў паўтары разы большай сумы — 600 мільёнаў даляраў, прычым і пэрыяд іх засваеньня вызначаны не чатырохгадовы, як раней, а трохгадовы (2017-2020). Так што для нашага ўраду міжнародная дапамога робіцца важнай крыніцай фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў.

Варта таксама адзначыць павелічэньне ролі грамадзянскай супольнасьці на этапе распрацоўкі праграмы — яе праект быў вынесены на грамадзкае абмеркаваньне і, як бачна, некаторыя прапановы грамадзкасьці былі ўлічаныя. Адзначу, што добра папрацавалі арганізацыі экалягічнай скіраванасьці яны дамагліся пашырэньня нават у фармулёўках стратэгічных мэтаў праграмы ў частцы патрэбаў “зялёных”.

Паводле Чавусава, па-ранейшаму засмучае адсутнасьць у праграме мэтаў датычных правоў чалавека і разьвіцьця прававой дзяржавы, абароны ад дыскрымінацыі і дасягненьня гендэрнай роўнасьці — гэты кампанэнт будзе сарамліва хавацца ў вельмі шырокай тэме гарманічнага разьвіцьця чалавека. Экспэрт лічыць, што з боку распрацоўшчыкаў праграмы гэта недальнабачны крок, улічваючы, што ў мінулым годзе быў зацьверджаны нацыянальны плян выкананьня рэкамэндацыяў міжнародных органаў у галіне правоў чалавека, які акурат прадугледжвае, што закладзеныя ў ім мерапрыемствы і дзеяньні будуць прафінансаваныя менавіта за кошт міжнароднай дапамогі.

Вельмі добра, што ў праграме прадугледжаная роля Каардынацыйнай рады па міжнароднай тэхнічнай дапамогі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі трох зацікаўленых бакоў ураду, донараў, грамадзянскай супольнасьці (у тым ліку і арганізацыяў-сябраў Асамблеі НДА). Прынцыпова важна, што прапісаныя канкрэтныя мэханізмы ўдзелу гэтай рады ў плянаваньні і ацэнцы рэалізацыі праграмаў МТД, у тым ліку са стварэньнем працоўных і экспэртных групаў па асобных накірунках.

Менавіта Каардынацыйная рада надзеленая правам разгляду канкрэтных гадавых плянаў прыцягненьня МТД, якія будуць уяўляць сабой больш канкрэтныя з фінансавага пункту гледжаньня праекты. Як бачна, архітэктары праграмы вырашылі адмовіцца ад даволі нягнуткага фармату, якія выкарыстоўваўся ў мінулым чатырохгадовым цыклі, калі пералік праектаў, якія дзяржава разьлічвае прафінансаваць за міжнародны кошт, быў зацьверджаны адразу на чатыры гады. Пераход да гадавога плянаваньня выглядае лягічным крокам, які дазволіць прыцягнуць больш сродкаў і павялічыць магчымасьці няўрадавых арганізацыяў апэратыўна садзейнічаць прыцягненьню МТД.