Праграма стажыровак для актывістаў і актывістак

14/08/2017

Праскі грамадзянскі цэнтар (Prague Civil Society Centre) распачаў прыём заявак на ўдзел у праграме стажыровак. Цэнтар прадастаўляе актывістам, вучоным, экспэртам і дасьледчыкам aналітычных цэнтраў, распрацоўшчыкам мэтодыкаў і стратэгіяў зь дзяржаўных установаў, сацыяльным прадпрымальнікам і журналістам магчымасьць атрымаць досьвед, веды і сувязі ў часе замежнай стажыроўкі.

Стажыроўка мае праходзіць у адной з арганізацыяў або ўстановаў у Цэнтральнай ці Ўсходняй Эўропе. Кандыдаты / кандыдаткі маюць выбраць прымаючую НДА, зьвязацца зь ёй, і атрымаць папярэднюю згоду на стажыроўку перад тым, як падаваць заяўку ў Праскі грамадзянскі цэнтар.

Заяўкі на ўдзел у праграме стажыровак прымаюцца ад кандыдатаў з Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расеі, Таджыкістану, Туркмэністану, Украіны і Ўзбэкістану.

Прымаючыя арганізацыі могуць знаходзіцца як у вышэй згаданых краінах, так і ў Цэнтральнай Эўропе і Балтыйскіх краінах (Чэхія, Вугоршчына, Польшча, Славаччына, Эстонія, Латвія і Літва).

Стажыроўка звычайна доўжацца 1-2 месяцы. Кандыдаты і кандыдаткі могуць падаць заяўку на атрыманьне гранту, памерам ад 3000 да 4000 эўра. Частку гранту (1000 эўра) атрымае прымаючая арганізацыя, з гэтых грошай таксама будуць пакрывацца выдаткі на настаўнікаў для стажора/кі. Сума, якая застанецца, пакрые выдаткі на пражываньне, пералёт у прымаючую краіну, выдаткі на ежу, тэлефон і грамадзкі транспарт. У заяўцы на ўдзел кандыдаты/кі маюць прапанаваць прыкладны бюджэт сваёй стажыроўкі.

На дадзены момант Цэнтар прымае заяўкі на стажыроўкі, якія пройдуць у кастрычніку-сьнежні 2017 г. або лютым-красавіку 2018 г.

Падчас стажыроўкі ўдзельнікі і ўдзельніцы праграмы могуць выкарыстоўваць прадастаўленыя ім час і сродкі для правядзеньня дасьледаваньня, напісаньня справаздачы або артыкула, праходжаньня курса прафэсійнай падрыхтоўкі, пашырэньня сваіх сувязяў і кантактаў, а таксама набыцьця новых навыкаў і ведаў у галіне сацыяльных, эканамічных і палітычных зьменаў, якія адбываюцца ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

У межах праграмы ўдзельнікі і ўдзельніцы маюць рэалізаваць канкрэтны праект. Кандыдаты і кандыдаткі могуць прапанаваць тэму дасьледаваньня, плян па разьвіцьці навыкаў або праект, якія, на іх думку, адлюстроўвае праблемы іх краіны і дапаможа разьвіцьцю мясцовай грамадзянскай супольнасьці.

Каб прыняць удзел у конкурсе стажыровак, неабходна даслаць заяўку, рэзюмэ і ліст ад прымаючай арганізацыі, які пацьвердзіць намер прыняць кандыдата на пазыцыю стажора, праз эл. адрас victoria@praguecivilsociety.org да 8 верасьня 2017 г.

Падрабязную інфармацыю пра стажыроўку глядзіце па спасылцы.

 

Раней за ўсіх пра магчымасьці для грамадзкіх актывістак і актывістаў даведвайцеся з інфармацыйнай рассылкі Асамблеі НДА. Падпісвайцеся тут!