Круглы стол па прававых пытаньнях дзейнасьці ўстановаў прайшоў у Менску

22/06/2017

20 чэрвеня адбыўся круглы стол “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі”, прысьвечаны актуальным праблемам і асаблівасьцям дзейнасьці беларускіх некамэрцыйных арганізацыяў, якія зарэгістраваныя ў форме ўстановы.

Правядзеньне дыскусіі ініцыявалі Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі і прадстаўніцы больш чым 30 прыватных установаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі.

Круглы стол па прававых пытаньнях дзейнасьці НКА ў форме ўстановаў прайшоў у Менску

Напачатку круглага стала юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў актуальнасьць вынесенай на парадак дня тэмы:

Па-першае, установы праз прасьцейшы ў параўнаньні з грамадзкімі аб’яднаньнямі і фондамі парадак рэгістрацыі зрабіліся ў апошняе дзесяцігодзьдзе самай папулярнай формай рэгістрацыі новых некамэрцыйных арганізацыяў;

Па-другое, праз адсутнасьць спэцыяльнага заканадаўства, якое б рэгулявала дзейнасьць гэтай формы юрыдычных асобаў, новыя арганізацыі сутыкаюцца са спэцыфічнымі праблемамі ў сваёй дзейнасьці.

3

Зь якімі праблемамі сустракацца беларускія НКА?

Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка прадставіла аналіз прававых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца ўстановы. Асновай для агляду сталіся вынікі апытаньня заснавальнікаў і кіраўнікоў прыватных установаў, якое правялі напярэдадні круглага стала.

Згодна з вынікамі апытаньня, у якім прынялі ўдзел 37 арганізацыяў, сярод надзённых праблемаў для ўстановаў былі названыя праблемы:

— Афармленьне ахвяраваньняў ад фізычных асобаў,

— Вядзеньне бухгальтарскага ўліку,

— Ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці,

— Падаткаабкладаньне і падатковы ўлік,

— Афармленьне працоўных адносінаў,

— Афармленьне ўстановамі ўнутранай бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ад айчынных суб’ектаў гаспадараньня і замежнай бязвыплатнай дапамогі ды іншыя.

Вольга Смалянка распавяла пра тое, якія недасканаласьці заканадаўства абумовілі зьяўленьне гэтых прававых праблемаў, як яны вырашаюцца цяпер на практыцы і якія існуць цяпер пэрспэктывы зьмяненьня прававога рэгуляваньня і праваўжывальнай практыкі па гэтых накірунках, а таксама адказала на канкрэтныя прававыя пытаньні прысутных прадстаўнікоў НКА. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі шырокае поле пытаньняў, якія маглі бы стаць прадметам для прасоўваньня пазытыўных зьменаў у заканадаўства і праваўжывальную практыку на карысьць усіх формаў некамэрцыйных арганізацыяў.

Круглы стол па прававых пытаньнях дзейнасьці НКА ў форме ўстановаў прайшоў у Менску

Каму пагражае недабраахвотная ліквідацыя ўстановаў?

У часе дыскусіі асаблівая ўвага была нададзеная пагрозам недабраахвотнай ліквідацыі ўстановаў, якія выяўляюцца ў пэрыядычных лістах ад падатковых інспэкцыяў да заснавальнікаў установаў з патрабаваньнем растлумачыць прычыны, па якіх установа не ажыцьцяўляе прадпрымальніцкую дзейнасьць і прапановай прыняць рашэньне пра ліквідацыю. Рэч у тым, што дзеючае заканадаўства прадугледжвае магчымасьць ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня на подставе неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці цягам году і непрадастаўленьня камэрцыйнай арганізацыяй тлумачэньняў адносна прычынаў неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Шматлікія ўстановы атрымліваюць запыты падатковай пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, у якіх утрымліваецца прапанова прыняць рашэньне пра ліквідацыю арганізацыі па ўласным жаданьні. Гэтыя арганізацыі вымушаныя тлумачыць свой некамэрцыйны статус, згодна зь якім ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці зьяўляецца для іх неабавязковым. У некаторых выпадках справа даходзіць нават да таго, што падатковыя інспэкцыі ініцыююць ліквідацыю арганізацыі нават не паведаміўшы ёй пра гэта.

У абгрунтаваньне гэтай неспрыяльнай для ўстановаў практыкі падатковыя інспэкцыі спасылаюцца на тое, што ў іх унутраных клясыфікацыях падатковага ўліку прыватныя ўстановы знаходзяцца ў адной катэгорыі разам з камэрцыйнымі арганізацыямі, і таму яны выкарыстоўваюць у дачыненьні да іх стандартныя запыты пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

У гэтым годзе норма заканадаўства, якая абумовіла зьяўленьне гэтай кепскай праваўжывальнай практыкі з боку падатковых інспэкцыяў, была адкарэктаваная.

28 лютага 2017 года былі ўнесеныя зьмены ў дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 г., які рэгулюе парадак рэгістрацыі і ліквідацыі юрыдычных асобаў (зьмены набудуць моц 3 верасьня 2017). У тым ліку зьмененая спрэчная норма аб ліквідацыі любых формаў юрыдычных асобаў у сувязі з неажыцьцяўленьнем імі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Згодна з новым палажэньнем, норма аб ліквідацыі ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці цяпер будзе распаўсюджвацца толькі на камэрцыйныя арганізацыі, якія не ажыцьцяўлялі прадпрымальніцкую дзейнасьць цягам двух гадоў. Але разам з падаўжэньнем тэрміну, цягам якога арганізацыі дапушчальна не займаюцца прадпрымальніцтвам, заканадаўца прыбраў норму пра накіраваньне арганізацыі запыту пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Такім чынам, новае заканадаўства патэнцыйна можа даць падставы скасаваць ранейшую заганную практыку прапановаў аб ліквідацыі ўстановаў. Зь іншага боку, калі ў практыцы падатковых органаў будзе захаваны ранейшы падыход аднясеньня ўстановаў да агульнай катэгорыі разам з усімі суб’ектамі гаспадараньня, новае заканадаўства можа зьмяніць становішча ўстановаў да яшчэ горшага: паколькі скасаваная неабходнасьць дасылаць запыты пра прычыны неажыцьцяўленьня арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасьці, цяпер яшчэ большая колькасьць установаў можа сутыкнуцца з тым, што рэгіструючы орган з падачы падатковай інспэкцыі будзе ініцыяваць працэс ліквідацыі ўстановы безь яе ведама і без уліку яе некамэрцыйнага статусу.

Такім чынам, азначанае зьмяненьне заканадаўства мае патрэбу ў належнай імплемэнтацыі на практыцы — толькі пры такой умове зьмена дэкрэту №1 стане пазытыўнай зьменай, а не прынясе новыя пагрозы для НКА.

Калектыўны зварот да Міністэрства па падатках і зборах

Удзельнікі і ўдзельніцы круглага стала падпісалі калектыўны зварот да Міністэрства па падатках і зборах, у якім сфармуляваныя канкрэтныя прапановы па прывядзеньні практыкі працы падатковых інспэкцыяў з установамі ў аднастайны лад у адпаведнасьці з апошнімі зьменамі ў заканадаўства пра магчымыя падставы для ліквідацыі юрыдычных асобаў. Ініцыятары звароту разьлічваюць, што тлумачэньні міністэрства з нагоды зьмяненьня ў падставовы нарматыўны акт, які рэгулюе пытаньні рэгістрацыі і ліквідацыі юрыдычных асобаў, паспрыяюць паляпшэньню ўмоваў дзейнасьці ўстановаў і спыняць ужываньне супраць іх згаданай нэгатыўнай практыкі прапановаў аб ліквідацыі на падставе неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Збор подпісаў пад зваротам будзе працягнуты ў бліжэйшыя тыдні Цэнтрам прававой трансфармацыі (інфармацыя пра працэдуру далучэньня да звароту будзе распаўюджаная неўзабаве асобна), пасьля чаго зварот накіруюць у Міністэрства па падатках і зборах напярэдадні набыцьця моцы зьменаў у дэкрэт №1.