Ляўрэаткай першай прэміі імя Віктара Сырыцы стала Галіна Ярашэвіч

06/03/2017

За арганізацыю музычнага фэсту ў гонар Яна Чачота ў Баранавічах Рух “За Свабоду” ўганараваў кампазытарку і грамадзкую актывістку Галіну Ярашэвіч.

Галіну Ярашэвіч намінавалі на прэмію за арганізацыю ў 2016 годзе адметнага рэгіянальнага мерапрыемства на тэму беларускай літаратуры і гісторыі. На фэсьце ў гонар Яна Чачота каля паўсотні аматараў беларушчыны адзначылі 220 гадоў з Дня нараджэньня паэта.

Галіна Скараход, Галіна Ярашэвіч і юрый Губарэвіч. Фота: Рух "За свабоду"

Галіна Скараход, Галіна Ярашэвіч і юрый Губарэвіч. Фота: Рух “За свабоду”

 

За ляўрэатку прагаласавала Рада арганізацыі, а прэмію ўручыў старшыня — Юрый Губарэвіч.

“Віктар Сырыца пайшоў у іншы сьвет, але памяць пра яго заўсёды застаецца з намі. Прэмія надаецца актывістам або суполкам, якія працягваюць ягоную справу”, — адзначыў пры ўручэньні прэміі Юрый Губарэвіч. — Сымбалічна, што першай прэміяй Віктара Сырыцы ўганароўваецца актывістка з Баранавічаў.

Галіна Ярашэвіч — самадзейная кампазытарка, мастачка, грамадзкая актывістка. Выдала некалькі музычных дыскаў. У 2010 годзе пры падтрымцы Руху “За Свабоду” ў сьвет выйшаў яе дыск “Цябе сьпяваю”, прысьвечаны 100-годзьдзю з дня народзінаў паэткі Ларысы Геніюш.

Прэмія была заснаваная Радай Руху “За Свабоду” ў сьнежні 2016 году ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктара Сырыцу. У шорт-ліст прэміі патрапілі сем кандыдатаў з усёй Беларусі: Віталь Амяльковіч са Слуцку, Алесь Гізун з Баранавічаў, Хрыстафор Жаляпаў зь Віцебску, Віталь Карабач зь Ліды, Уладзімер Кацора з Гомеля, Галіна Турандзіна і Ганна Самойленка з Магілёву.

Паводле pyx.by