Апублікаваныя “Прынцыпы дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі”

28/08/2017

Больш за 70 беларускіх праваабаронцаў прынялі ўдзел у стварэньні дакумэнту, каб пазьбегнуць супярэчнасьцяў паміж людзьмі, уцягнутымі ў сфэру абароны правоў чалавека. Дакумэнт адкрыты для далучэньня!

Дакумэнт “Прынцыпы дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі” ўяўляе сабой звод прафэсійных і этычных прынцыпаў, якія вызначаюць патрабаваньні да праваабаронцы і яго / яе прафэсійнай дзейнасьці. Прынцыпы заснаваныя на маральных крытэрах і традыцыях праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі, а таксама на міжнародных стандартах і правілах праваабарончай дзейнасьці.

Аўтары ставілі сабе за мэту стварыць у праваабарончай супольнасьці адказную карпаратыўную культуру, што, з улікам сацыяльнай значнасьці праваабарончай дзейнасьці, магло б садзейнічаць павышэньню грамадзкага даверу і павагі да праваабарончай супольнасьці.

Прынцыпы дзейнасьці праваабаронцаў распаўсюджваюцца на ўзаемаадносіны праваабаронцаў паміж сабой, з ахвярамі парушэньняў правоў чалавека, зь дзяржаўнымі органамі, зь міжнароднымі арганізацыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, іншымі прафэсійнымі супольнасьцямі, мэдыя.

Каманда экспэртаў працавала над своеасаблівым “кодэксам праваабаронцы” амаль год, былі праведзеныя фокус-групы ў розных гарадах краіны, удзел у якіх прынялі каля 70 праваабаронцаў з 20 арганізацыяў. Цяпер праваабарончыя НДА, асобныя праваабаронцы запрашаюцца да прыняцьця дакумэнту.

Паведаміць аб далучэньні да дадзеных прынцыпаў праваабарончая арганізацыя і праваабаронцы ў індывідуальнай якасьці могуць праз электронны адрас info@bydc.info.

Спампаваць тэкст “Прынцыпаў дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі” на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.

 

У распрацоўцы дакумэнту прымалі ўдзел: Раіса Міхайлоўская, Тацяна Агеева, Уладзімер Букштынаў (ПУ “Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар”), Тацяна Рэвяка, Ганна Герасімава, Уладзімер Яворскі (Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава), Алег Агееў (ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”), Юрый Чавусаў (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый), Павал Сапелка (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Алена Танкачова (ПУ “Цэнтар прававой трансфармацыі”), Дзьмітры Чарных, Гары Паганяйла (РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”).

Дакумэнт прызначаны для беларускіх праваабарончых арганізацыяў, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, ініцыятыўных групаў, структураў грамадзянскай супольнасьці і іх кааліцыяў, асобных грамадзянаў і іншых суб’ектаў, якія абараняюць і прасоўваюць агульнапрызнаныя правы чалавека.