Грамадзкае аб’яднаньне “Рух маці 328” зьвярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН

19/06/2017

Адна з заснавальніц грамадзкага аб’яднаньня “Рух маці 328” Ларыса Жыгар падрыхтавала індывідуальнае паведамленьне ў Камітэт правоў чалавека ААН.

У паведамленьні ставіцца пытаньне аб парушэньні Беларусьсю права Ларысы Жыгар на свабоду асацыяцыяў і свабоду выказваньня меркаваньня.

Адмову ў рэгістрацыі гэтага аб’яднаньня варта расцэньваць як умяшаньне дзяржавы ў права на свабоду асацыяцыі, бо паводле ўнутранага заканадаўства краіны дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў на тэрыторыі Беларусі забараняецца (ч. 2 арт. 7 Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”), а таксама ўстаноўлена крымінальная адказнасьць за арганізацыю або ўдзел у дзейнасьці ГА, якое не прайшло дзяржаўную рэгістрацыю (арт. 193-1 КК).

Такім чынам, Ларыса Жыгар ня мае магчымасьці разам зь іншымі сябрамі незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня перасьледаваць свае мэты і законныя інтарэсы без наяўнасьці дзяржаўнай рэгістрацыі СПГА “Рух маці 328”.

Падрабязны тэкст паведамленьня ў Камітэт ААН, складзены пры дапамозе юрыстаў Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру глядзіце тут.

Нагадаем, што напрыканцы 2015 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі СПГА “Рух маці 328”. Рашэньне было абскарджана, аднак суды прызналі дзеяньні дзяржоргана законнымі і абгрунтаванымі.

Ініцыятыва была заснавана, каб садзейнічаць у Беларусі прафіляктыцы спажываньня і распаўсюджваньня наркотыкаў, прапагандаваць здаровы лад жыцьця.