Міністэрства па падатках і зборах спыняе практыку недабраахвотнай ліквідацыі ўстановаў

05/09/2017

Міністэрства адказала на калектыўны зварот, які накіравалі беларускія некамэрцыйныя арганізацыі з нагоды практыкі ліквідацыі ўстановаў на падставе неажыцьцяўленьня імі прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Адказ падпісаны намесьніцай міністра Элай Сіліцкай, якая курыруе пытаньні падаткаабкладаньня юрыдычных асобаў. Нагадаем, што ў жніўні дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка сустрэлася са спадарыняй Сіліцкай з нагоды калектыўнага зварота, прысьвечанага праблеме неспрыяльнай практыкі, датычнай падставаў для ліквідацыі тых некамэрцыйных арганізацыяў, якія зарэгістраваныя ў форме ўстановаў.

У чым сутнасьць праблемы?

Шматлікія раённыя падатковыя інспэкцыі выкарыстоўваюць у дачыненьні да ўстановаў як падставу для ліквідацыі неажыцьцяўленьне арганізацыямі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што паводле Грамадзянскага кодэксу ўстановы належаць да некамэрцыйных арганізацыяў і ня маюць за мэту атрыманьне прыбытку. У выніку такой заганнай практыцы шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, зарэгістраваныя ў форме ўстановаў, атрымліваюць ад падатковых інспэкцыяў прапановы або папярэджаньні аб ліквідацыі, а ў найгоршых выпадках арганізацыі проста даведваюцца пра тое, што яны ўжо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі паводле рашэньня рэгіструючага органа.

Гэтая праблема абвастраецца з набыцьцём моцы 3 верасьня зьменаў у парадак ліквідацыі юрыдычных асобаў, згодна зь якімі ліквідацыя арганізацыяў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці будзе адбывацца ў аўтаматычным парадку, без накіраваньня ў арганізацыю запыту пра прычыны неажыцьцяўленьня гэтай дзейнасьці.

Пры такіх умовах насьпела патрэба ўдасканаліць практыку раённых падатковых інспэкцыяў і прымусіць іх улічваць спэцыфіку некамэрцыйных арганізацыяў пры прыняцьці рашэньняў пра ініцыяваньне ліквідацыі арганізацыяў.

 

Скан адказу Міністэрства па падатках і зборах

Скан адказу Міністэрства па падатках і зборах на калектыўны зварот НКА

 

Рэакцыя на зварот Міністэрства па падатках і зборах

У адказе на калектыўны зварот міністэрства прызнае заганнасьць існай практыкі і акрэсьлівае захады, якія былі ўжытыя для выкараненьня выяўленых з боку раённых падатковых інспэкцыяў парушэньняў заканадаўства. У прыватнасьці, міністэрства паведамляе, што пры правядзеньні праверкі выкладзеных у калектыўным звароце выпадкаў ліквідацыі ўстановаў знойдзеныя парушэньні заканадаўства. Міністэрства пералічае шэраг установаў, у дачыненьні якіх на ініцыятыву міністэрства была спыненая ўжо распачатая раней працэдура ліквідацыі ці скасаванае ўжо прынятае рашэньне пра ліквідацыю ўстановы ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Таксама Міністэрства па падатках і зборах інфармуе заяўнікаў, што на адрас раённых падатковых інспэкцыяў міністэрствам быў падрыхтаваны і накіраваны ліст з падрабязным тлумачэньнем адпаведных палажэньняў заканадаўства і ўказаньнем на неабходнасьць іх дакладнага выкананьня. Міністэрства даручыла падначаленым падатковым інспэкцыям спыніць накіраваньне прадстаўленьняў рэгіструючым органам пра ліквідацыю некамэрцыйных арганізацыяў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Камэнтар юрыста

Адказ Міністэрства па падатках і зборах камэнтуе юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Юрый Чавусаў:

— Калі ў чэрвені Цэнтрам прававой трансфармацыі супольна з Асамблеяй НДА быў зладжаны круглы стол па прававых пытаньнях дзейнасьці ўстановаў мы ведалі пра праблему ўжываньня падатковымі інспэкцыямі незаконных падставаў для ліквідацыі ўстановаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем імі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Менавіта па выніках круглага стала быў падрыхтаваны гэты калектыўны зварот і адбылася сустрэча ў Міністэрстве па падатках і зборах. Але пасьля таго, як праблема была намі ідэнтыфікаваная і агучаная на круглым стале, мы сталі атрымліваць шматлікія новыя паведамленьні ад самых розных прыватных установаў, якія таксама сутыкнуліся з гэтай праблемай і атрымалі прапановы аб ліквідацыі. Такім чынам, выявілася, што праблема яшчэ больш пашыраная, чым першапачаткова падавалася.

Таму гэты адказ міністэрства выклікае асьцярожны аптымізм дзяржаўны орган прызнаў наяўнасьць парушэньняў заканадаўства з боку падначаленых інспэкцыяў і сьцьвярджае, што гэтая заганная практыка будзе спыненая. Вельмі важна, што ў адказе гаворка вядзецца ня толькі пра асобныя выпадкі (міністэрства пералічае канкрэтныя ўстановы, у дачыненьні да якіх працэдура ініцыяваньня іх ліквідацыі спыненая ці адмененае рашэньне аб ліквідацыі) паведамляецца, што міністэрствам ужытыя захады па ўпарадкаваньні працы падатковых інспэкцыяў з установамі з улікам іх некамэрцыйнай прыроды і па прывядзеньні гэтай працы ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі заканадаўства ў частцы падставаў для ліквідацыі.

Так што зьявілася абгрунтаваная надзея, што ў дачыненьні да ўстановаў больш ня будзе ўжывацца практыка прымусовай ліквідацыі на падставе неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Мы са сваяго боку абяцаем сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў межах традыцыйнай маніторынгавай працы, якая ажыцьцяўляецца Асамблеяй НДА і Цэнтрам прававой трансфармацыі. Калі нейкія ўстановы надалей будуць атрымліваць прапановы аб ліквідацыі ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці або запыты ад падатковых інспэкцыяў на гэтую тэму — мы заклікаем кіраўнікоў або заснавальнікаў гэтых арганізацыяў апэратыўна паведамляць нам пра такія выпадкі, — сказаў Юрый Чавусаў.

Фота — Jungwoo Hong (Unsplash)