Праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву ў сувязі з інфармацыяй пра катаваньні ў СІЗА КДБ

07/06/2017

У сувязі з інфармацыяй пра катаваньні ў СІЗА КДБ праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызваленьня з-пад варты ўсіх фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацыяў

Менск, 7 чэрвеня 2017 г.

5 чэрвеня 2017 года прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацыяў былі атрыманыя сьведчаньні аб ужываньні ў СІЗА КДБ катаваньняў у адносінах да абвінавачанага па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ Кунцэвіча Сяргея Ўладзімеравіча. С. Кунцэвіч зьяўляецца адным з фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якая мае значны грамадзка-палітычны рэзананс.

Паказаньні С. Кунцэвіча былі падрабязна зафіксаваны. Ён зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт Беларусь з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі са зьдзяйсьненьнем у дачыненьні да яго злачынства. Ён заявіў, у прыватнасьці, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасьць адваката, асобы ў чорнай уніформе і масках, калі пакой для допыту пакінулі сьледчыя, нанесьлі яму некалькі ўдараў па целе, пасьля гэтага адзін з іх 3–4 разы выкарыстаў у дачыненьні да яго электрашокер — узьдзейнічаў на левую нагу на працягу 30–40 сэкундаў. Гэта прыносіла моцныя фізычныя пакуты. С. Кунцэвіч у пэрыяд знаходжаньня ў СІЗА КДБ утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў мэдыцынскай дапамогі. Пасьля пераводу ў СІЗА №1 ён быў падвергнуты зьбіцьцю супрацоўнікамі ізалятара.

У сувязі з атрыманай інфармацыяй асаблівую занепакоенасьць выклікае закрыты ад беларускай і міжнароднай грамадзкасьці характар дадзенай крымінальнай справы (вядомай таксама як “Справа “Белага легіёну” ці “Справа патрыётаў”), адсутнасьць якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі пра яе расьсьледаваньне, сутнасьць прад’яўленых абвінавачаньняў, пра фізычны стан і ўмовы ўтрыманьня асобаў, якія знаходзяцца пад вартай. Пад пагрозай перасьледу адвакатам забаронена раскрываць інфармацыю пра стан іх кліентаў, пра скаргі на парушэньні іх правоў. У падазраваных і абвінавачаных па дадзенай справе, якія былі вызваленыя з-пад варты ў сувязі са зьмяненьнем меры стрыманьня, незаконна, у парушэньне патрабаваньняў ч. 2 арт. 198 КПК Рэспублікі Беларусь, органамі сьледства бяруцца падпіскі аб неразгалошваньні дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня, пры гэтым тэрмін “дадзеныя папярэдняга расьсьледаваньня” трактуецца службовымі асобамі надзвычай шырока. Гэта сур’ёзным чынам абмяжоўвае іх права на абарону.

Пры такіх абставінах выкладзеныя С. Кунцэвічам зьвесткі патрабуюць асабліва ўважлівага стаўленьня, аб’ектыўнай праверкі і мераў рэагаваньня.

Інфармацыя пра ўжываньне катаваньняў службовымі асобамі выклікае занепакоенасьць становішчам усіх 14-ці фігурантаў дадзенай крымінальнай справы, якія працяглы тэрмін утрымліваюцца ў СІЗА КДБ і СІЗА МУС Рэспублікі Беларусь.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі, у чарговы раз нагадваем уладам Рэспублікі Беларусь:

Свабода ад катаваньняў зьяўляецца абсалютным правам і не падлягае ніякім абмежаваньням нават ва ўмовах вайсковых канфліктаў і надзвычайнага становішча. У сувязі з ратыфікацыяй Рэспублікай Беларусь Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня, наша краіна ўзяла на сябе абавязальніцтвы прадпрымаць эфэктыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджаньня актаў катаваньняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй. Таксама Рэспубліка Беларусь абавязана забясьпечыць, каб усе акты катаваньняў разглядаліся ў адпаведнасьці з нацыянальным крымінальным заканадаўствам.

Нагадваем, што ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам доказы, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы, ня могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачваньня і ня могуць выкарыстоўвацца ў якасьці доказу.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, патрабуем:

  • ад Генэральнай пракуратуры і Сьледчага камітэту правесьці аб’ектыўную праверку, прыняць захады па расьсьледаваньні агучаных С. Кунцэвічам зьвестак пра катаваньні і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці;
  • зьмяніць меру стрыманьня ў дачыненьні да ўсіх 14-ці фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і неадкладна вызваліць іх з-пад варты з мэтай прадухіленьня ўжываньня да іх катаваньняў;
  • няўхільна выконваць міжнародныя абавязальніцтвы па прадухіленьні катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня, якія былі ўзятыя на сябе Рэспублікай Беларусь.

Пад заявай падпісаліся:  Праваабарончы цэнтар “Вясна”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ПУ “Цэнтар прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА “Беларускі Хэльсынкскі камітэт”, ПУ “Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар”, РГА “Прававая ініцыятыва”Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.