У Беларусі ствараюць кодэкс дзейнасьці праваабаронцаў

10/02/2017

Прадстаўнікі Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру і Беларускага Дому правоў чалавека Тацяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Ўладзімер Яворскі 9 лютага прадставілі магілёўскім праваабаронцам варыянт магчымага кодэксу. Гэты дакумэнт неабходны, каб пазьбегнуць супярэчнасьцяў паміж людзьмі, уцягнутымі ў сфэру абароны правоў чалавека.

Асноўныя прынцыпы, якія прапануюць унесьці ў кодэкс: прыхільнасьць унівэрсальнасьці правоў чалавека, адкрытасьць, празрыстасьць і аб’ектыўнасьць, бясплатная дапамога, некамэрцыйны характар дзейнасьці і іншыя.

Палеміку выклікала пытаньне аб тым, ці можа праваабаронца адначасова займацца палітычнай дзейнасьцю. Таксама ўдзельнікі сустрэчы доўга дыскутавалі над пытаньнем аказаньня дапамогі людзям, якія не падзяляюць агульныя прынцыпы правоў чалавека.

Магілёў стаў другім абласным цэнтрам, дзе прайшла такая сустрэча. Раней Тацяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Ўладзімер Яворскі пасьпелі абмеркаваць этычныя прынцыпы працы праваабаронцаў з гомельскімі калегамі. Наступным горадам пасьля Магілёву стане Віцебск.

Адзначым, што на замову Асамблеі НДА Беларусі ў 2016 годзе было праведзенае дасьледаваньне “Сучасныя тэндэнцыі самарэагуляваньня арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе”. Падставай для зьяўленьня дакумэнту сталася параўнальна малая распаўсюджанасьць мэханізмаў самарэгуляваньня ў беларускім грамадзкім сэктары.

Паводле spring96.org