У Гомелі адчыняць Цэнтар беларускай мовы

02/02/2017

5 лютага ў офісе мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачне працу Цэнтар беларускай мовы.

Адкрыцьцё пляцоўкі прымеркавалі да старту другога сэзону гуртка ўжытковай беларускай мовы “Лемантар”.

У новым цэнтры будуць ладзіцца сустрэчы і мерапрыемствы пра беларускую культуру, гісторыю і сучаснасьць, заняткі дзіцячага гуртка “Мова дзяцей”, кінапаказы, будзе працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў.

Кіраўніцтва Цэнтру запрашае да супрацы прадпрымальнікаў, якія маюць патрэбу ў моўнай кансультацыі, грамадзян, неабыякавых да пытаньня разьвіцьця беларускай мовы і павышэньня яе ролі ў грамадзтве, грамадзкія арганізацыі і ўсіх ініцыятыўных і творчых людзей, якім неабходная бясплатная пляцоўка для ўвасабленьня сваіх ідэяў і правядзеньня мерапрыемстваў, блізкіх з каштоўнасьцямі ТБМ.

Пры Цэнтры будзе працаваць гарачая тэлефонная лінія па пытаньнях абароны правоў беларускамоўных грамадзян.

— У Беларусі расьце попыт на ўсё беларускае, Гомель — не выключэньне, але ў другім па велічыні горадзе краіны няма грамадзкай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных. Мы вырашылі ўвасобіць нашу даўнюю мару — мець гарадзкі цэнтар разьвіцьця беларускай мовы і культуры, і будзем працаваць над тым, каб цэнтар стаў месцам супрацы. Плянуецца працягнуць камунікацыю з прадпрымальнікамі і ўстановамі Гомеля, мы будзем прапаноўваць ім нашую прафэсійную дапамогу па пашырэньні сфэры ўжываньня беларускай мовы ў паслугах, таварах, рэклямнай прадукцыі, дакумэнтазвароце”, — кажа кіраўніца Рады Гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Адрас Цэнтру беларускай мовы: Гомель, вул. Кірава, 3, пакой 1-8 (1 паверх). Даведкі па тэл.: +375 29 9089162.