У Менску пачаў працу Community Centre — цэнтар падтрымкі ЛГБТК

01/06/2017

16 траўня, напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй, у сталіцы стартаваў новы праект — цэнтар комплекснай падтрымкі для ЛГБТК + і іх блізкіх — Community Centre.

Community Centre аказвае юрыдычную і псыхалягічную дапамогу. Падтрымліваючы ЛГБТК + людзей, цэнтар падтрымлівае супольнасьць, прадстаўнікам і прадстаўніцам якога не заўсёды лёгка знайсьці і атрымаць кваліфікаваную дапамогу без асуджэньня і праяваў дыскрымінацыі нават сярод прафэсійнай супольнасьці праваабаронцаў і псыхолягаў.

У Менску пачаў працу Community Centre — цэнтар падтрымкі ЛГБТК

Як можа дапамагчы Community Centre?

Community Centre створаны для аказаньня комплекснай дапамогі ЛГБТК і іх блізкім. Зьвярнуцца па дапамогу ў цэнтар могуць тыя, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй на аснове гендэрнай ідэнтычнасьці і сэксуальнай арыентацыі, сталі ахвярамі злачынства на аснове нянавісьці да ЛГБТК, прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК, іх бацькі, сваякі, сваячкі, сябры, сяброўкі, калі маюць патрэбу ў псыхалягічнай падтрымцы.

У цэнтры абяцаюць карыстальнікам сваіх паслугаў, што іх пэрсанальныя дадзеныя ня будуць падвергнутыя агалосцы.

Усе сэрвісы цэнтра працуюць бясплатна. Выключэньнем зьяўляюцца тэрапэўтычныя групы для ЛГБТК + людзей, праца якіх часткова будзе пакрывацца ўдзельнікамі групы.

Псыхалягічная падтрымка

Community Centre аказвае псыхалягічную падтрымку прадстаўнікам і прадстаўніцам ЛГБТК і іх блізкім. На базе Community Centre дзейнічаюць групы ўзаемадапамогі для ЛГБТК і іх бацькоў, рэгулярна ладзяцца псыхалягічныя трэнінгі для ЛГБТК + людзей.

Заняткі праводзяцца на платнай і бясплатнай аснове. Больш аб раскладзе трэнінгаў і цэнах вы можаце даведацца на сайце, а таксама ў пабліках Community Centre у Facebook і Вконтакте.

Юрыдычная падтрымка

Community Centre гатовы аказваць юрыдычную падтрымку. Калі хтосьці сутыкнуўся з дыскрымінацыяй на аснове гендэрнай ідэнтычнасьці ці сэксуальнай арыентацыі або стаў ахвярай злачынства на аснове нянавісьці да ЛГБТК +, існуе магчымасьць зьвярнуцца ў цэнтар па юрыдычную дапамогу. Community Centre ажыцьцяўляе падтрымку ў выглядзе юрыдычных кансультацыяў і трэнінгаў на актуальныя для супольнасьці тэмы, зьвязаныя зь бясьпекай і абаронай правоў ЛГБТК + людзей. Кансультацыі прадастаўляюцца як па электроннай пошце, так і ў непасрэднай размове зь юрыстам. Таксама юрыст цэнтру вядзе працу па зборы і дакумэнтаваньні выпадкаў дыскрымінацыі і злачынстваў супраць ЛГБТК + людзей у Беларусі.

Адукацыя і культура

Каманда Community Centre рэалізоўвае розныя праекты ў галіне мастацтва і адукацыі, праводзіць фэстываль квір-культуры DOTYK, выставачныя праекты і забаўляльныя мерапрыемствы. Сваёй культурна-асьветніцкай дзейнасьцю цэнтар імкнецца пераадолець праявы дыскрымінацыі, падтрымлівае і прасоўвае ідэі роўнасьці незалежна ад гендэрнай ідэнтычнасьці і сэксуальнай арыентацыі.

Даведацца больш пра сэрвісы цэнтра можна на яго сайце.

Паводле makeout.by