У Савеце Эўропы абмяркуюць пытаньні правоў чалавека ў Беларусі

09/10/2017

9 кастрычніка распачаўся візыт прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх НДА ў Страсбур для ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў Савета Эўропы. Ключавыя тэмы — сьмяротнае пакараньне і свабода асацыяцыяў.

Сярод візіцёраў — Юрый Чавусаў (Асамблея НДА Беларусі), Алег Гулак і Юлія Хлашчанкова (РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”), Аляксандар Філіпаў (Лібэральны клюб), Андрэй Вардамацкі (Сацыялягічная лябараторыя “НОВАК”) і іншыя.

Сёньня, 10 кастрычніка, у Камітэце па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Савета Эўропы (ПАСЭ) пройдзе абмен думкамі наконт рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі, прынятай на сэсіі Асамблеі 27 чэрвеня гэтага году.

Таксама беларускія праваабаронцы возьмуць удзел у канфэрэнцыі “Вяртаньне да сьмяротнага пакараньня ў Эўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?”. Асаблівасьці працы па адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі будуць абмяркоўвацца на панэльнай дыскусіі “Асновы барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня і бягучыя выклікі”, дзе выступіць старшыня БХК Алег Гулак.

Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі выступіць ў межах дыскусіі пра бягучы стан свабоды аб’яднаньняў у Эўропе, арганізатарам якой зьяўляецца група ALDE (Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу) у ПАСЭ.

Паводле spring96.org