Выстава “Праўда пра Курапаты” вяртаецца ў Менск

22/02/2017

Грамадзкія аб’яднаньні ды ініцыятывы Беларусі ладзяць другую дакумэнтальна-мастацкую выставу “ПРАЎДА ПРА КУРАПАТЫ. Факты, дакумэнты, сьведчаньні”. Наведаць экспазыцыю можна цягам тыдня ў менскім Палацы мастацтваў.

Першая выстава адбылася ў менскім Палацы мастацтваў у лістападзе 2015 году, сабраўшы за тры дні каля тысячы наведнікаў.

Сёньняшняя выстава аб’ядноўвае дакумэнтальныя матэрыялы, асабістыя сьведчаньні, фатаздымкі, мапы, прысьвечаныя Курапатам, і мастацкія творы на тэму бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

Сёлета на выставе прадстаўленыя новыя матэрыялы з гісторыі Курапатаў, найперш сьведчаньні відавочцаў, сабраныя сябрамі грамадзкай ініцыятывы “Экспэрты ў абарону Курапатаў”, а таксама арыгінальныя творы мастакоў і літаратараў, пададзеныя на першы этап грамадзкага творчага конкурсу “Курапаты — народны мэмарыял”.

Арганізатары спадзяюцца прыцягнуць увагу грамадзтва да захаваньня нацыянальнай гістарычнай памяці, аднаўленьня справядлівасьці да ахвяраў савецкага рэжыму, а таксама да складанай сытуацыі вакол саміх Курапатаў — нацыянальнай каштоўнасьці, якую сама дзяржава шмат гадоў намагаецца зьнішчыць або прынамсі маргіналізаваць.

Выстава будзе працаваць з 22 да 28 лютага 2017 году ў Палацы мастацтваў (Менск, вул. Казлова, 3). Уваход вольны.

Арганізатары выставы: Грамадзянская ініцыятыва “Экспэрты ў абарону Курапатаў”, Cуполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, Грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыуш”, Грамадзкі электронны архіў “Вытокі”, Прафсаюз РЭП, Арт Cядзіба, Грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар Супольнасьць”, Праваабарончы цэнтар “Вясна”.