Патрабуем спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры

13/09/2017

Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці запатрабавалі спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры.

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацыяў

Менск, 13 верасьня 2017 г.

Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабарончыя арганізацыі, Міністэрствам юстыцыі Беларусі праводзілася праверка шэрагу адвакатаў і адвакатак Менскай гарадзкой і Магілёўскай абласной калегіяў адвакатаў і па яе выніках была прызначаная пазачарговая атэстацыя, у тым ліку ня менш як 21 асобы зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Акрамя таго, каля 60-ці адвакатаў і адвакатак чакае чарговая пераатэстацыя, якая ладзіцца раз на пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасьць у калегіях адвакатаў. Аднак існуе яшчэ сьпіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага году будзе праводзіць непасрэдна Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі.

Праваабаронцы ўжо неаднаразова выказвалі сваю занепакоенасьць умяшальніцтвам дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры і выступалі ў абарону адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права займацца прафэсійнай дзейнасьцю выключна ў сувязі зь іх удзелам у якасьці абаронцаў у палітычна матываваных крымінальных справах.

Варта нагадаць, што ў 2011 годзе ў выніку правядзеньня пазачарговай атэстацыі па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі былі спробы пазбаўленьня права на прафэсію ў дачыненьні да шэрагу адвакатаў, якія ажыцьцяўлялі абарону фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках, узбуджанай па падзеях 19 сьнежня 2010 году ў Менску. Праваабарончая супольнасьць адназначна расцаніла гэты крок уладаў як перасьлед адвакатаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі іх прафэсійнай дзейнасьці і непрыхаванае ўмяшаньне ў дзейнасьць адвакатуры.

Трэба адзначыць, што заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе дзейнасьць інстытута адвакатуры, замацоўвае магчымасьць такога ўмяшальніцтва.

Менавіта з гэтай прычыны сёлетняя ініцыятыва Мінюста па правядзеньні пазачарговай атэстацыі некаторых адвакатаў і адвакатак выклікае асаблівую занепакоенасьць праваабарончай супольнасьці.

Першымі вынікамі гэтай хвалі праверак Мінюста стала адмоўная атэстацыя адвакаткі Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Ганны Бахціной, а таксама ўмоўная атэстацыя зь пераатэстацыяй праз паўгады ў сувязі зь няпоўнай прафэсійнай кваліфікацыяй у дачыненьні яшчэ да трох адвакатаў.

“Ня можа працаваць на пасадзе адваката ў сувязі зь недастатковай прафэсійнай кваліфікацыяй” — заключэньне з такой фармулёўкай ад кваліфікацыйнай камісіі Мінюста атрымала 21 верасьня Ганна Бахціна — адвакатка з 38-гадовым юрыдычным стажам. Трэба адзначыць, што Ганна Бахціна неаднаразова прымала ўдзел у якасьці абаронцы ў палітычна матываваных крымінальных працэсах.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці, патрабуем ад уладаў Беларусі:

— Неадкладна спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры і забясьпечыць яе незалежнасьць на заканадаўчым узроўні шляхам унясеньня адпаведных зьменаў у дзеючае заканадаўства;
— Спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыцьцяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных справаў і справаў, зьвязаных з адстойваньнем правоў чалавека;
— Адмяніць адпаведнае рашэньне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якое зьяўляецца перашкодай у ажыцьцяўленьні прафэсійнай адвакацкай дзейнасьці Ганнай Бахціной;

Таксама заклікаем Менскую гарадзкую калегію адвакатаў:

— Не прымаць рашэньне аб адлічэньні Ганны Бахціной са складу калегіі.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

РПГА Беларускі Хельсінкскі камітэт

ГА Беларуская асацыяцыя журналістаў

РГА “Прававая ініцыятыва”

ПУ Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар

АУ “Цэнтар прававой трансфармацыі”

АПУ Офіс па правах людзей з інваліднасьцю

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Праваабарончы цэнтар “Прававая дапамога насельніцтву”

Установа Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве Хюман Канстанта

Фота — unsplash.com