Заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе ўдасканаляць?

07/02/2017

На пасяджэньні Савету грамадзкіх арганізацыяў пры Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці стварылі рабочую групу, якая мае ўдасканаліць заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе.

У часе сустрэчы, якая прайшла 21 студзеня 2017 году, прысутныя абмеркаваныя пытаньні рэглямэнтаваньня дзейнасьці Савету грамадзкіх арганізацыяў, а таксама пытаньні, якія ўзьнікаюць у ходзе прымяненьня нормаў заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе.

З мэтай фарміраваньня прапановаў па ўдасканаленьні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе было прынятае Рашэньне аб стварэньні адпаведнай рабочай групы, у склад якой увайшлі:

— выканаўчы дырэктар Міжнароднай дабрачыннай грамадзкай арганізацыі “Экабудаўнік” Ю. Супрыновіч;

— старшыня праўленьня МГА “Узаемаразуменне” Анжаліка Аношка,

— намесьнік старшыні БГА “Свет без межаў” А. Ананенка;

— старшыня Міжнароднай дабрачыннай грамадзкай арганізацыі “Дапамога дзецям Чарнобыля” Генадзь Карэцкі;

— дырэктарка фонду дапамогі дзецям “Шанс” Натальля Маханько.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

 

Юрый Чавусаў, юрысконсульт Асамблеі НДА, лічыць, што стварэньне гэтай рабочай групы выкліканае тымі праблемамі, зь якімі атрымальнікі замежнай бязвыплатнай дапамогі сутыкнуліся ў 2016 годзе, пасьля таго як набыў юрыдычную моц Дэкрэт №5, які рэгулюе парадак атрыманьня і рэгістрацыі замежнай дапамогі.

— Дэкрэт ня толькі не спрасьціў жыцьцё арганізацыям, якія рэалізуюць гуманітарныя праекты, але празь неадназначнасьць трактовак і супярэчлівыя тлумачэньні з боку спэцыялістаў Дэпартамэнту спарадзіў няўпэўненасьць арганізацыяў у юрыдычнай абгрунтаванасьці іх дзейнасьці, дадаўшы шмат новых праблемаў ды белых плямаў у працэдуры рэгістрацыі замежных грантаў і рэалізацыі падтрыманых праектаў. Напэўна, выпрацаваныя рабочай групай прапановы, як мінімум павінныя нэўтралізаваць гэтыя неадназначнасьці ў трактоўцы Дэкрэту, а як максымум — паспрыяць унясеньню ў Дэкрэт палажэньняў, якія б выправілі ягоныя хібы.

На думку юрыста, усё ж лепшым выйсьцем з сытуацыі, найлепшым крокам дзеля павелічэньня аб’ёму атрыманай Беларусьсю замежнай дапамогі была б дэбюракратызацыя працэдуры празь пераход ад дазваляльнага да паведамляльнага прынцыпу афармленьня замежнай фінансавай дапамогі.

— Цяпер праз складаную і забюракратызаваную працэдуру рэгістрацыі замежных грантаў краіна губляе шмат грошай, бо ў параўнаньні з краінамі-суседзямі прававыя ўмовы для прыцягненьня грошаў замежных донараў відавочна горшыя, — падсумаваў Юрый Чавусаў.

Анжаліка Аношка. Фота: 3sektar.by

Анжаліка Аношка. Фота: 3sektar.by

 

Анжаліка Аношка, старшыня праўленьня МГА “Узаемаразуменьне”, якая ўвайшла ў рабочую групу па ўдасканаленьні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, паведаміла, што пакуль група не пачала сваю працу так, як яна на тое спадзявалася.

Тым ня менш, паводле спадарыні Аношка, сытуацыя пачала крыху зьмяняцца:

— На пашыраным пасяджэньні Савету грамадзкіх аб’яднаньняў пры Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці было вырашана, што да 19 лютага 2017 году грамадзкія аб’яднаньні, зацікаўленыя ў зьменах, накіруюць свае прапановы па зьмяненьні Палажэньня, зацьверджанага Дэкрэтам №5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”. Такім чынам, усе НДА маюць шанец праявіць сваю актыўнасьць і паўплываць на зьмену сытуацыі ў канструктыўным напрамку: будзе вельмі карысна, калі кожная арганізацыя, якая бачыць неабходнасьць у зьмяненьні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, зробіць свае прапановы. Іначай, мы ў чарговы раз застанемся сам-насам са сваімі перашкодамі. Да слова, МГА “Узаемаразуменне” свае прапановы ў Дэпартамэнт ужо адправіла.