Як закрануць інтарэсы грамадзкіх аб’яднаньняў зьмены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”

09/10/2017

Урад Беларусі перадаў у парлямэнт праект закону аб унясеньні зьменаў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Новаўвядзеньні могуць закрануць інтарэсы НДА, якія раней нават не разглядаліся як магчымы суб’ект парушэньня парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

З дапамогай юрыста Асамблеі НДА Юрыя Чавусава, ніжэй разгледзім новаўвядзеньні ў праект закону “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня масавых мерапрыемстваў”, які 29 верасьня 2017 году Савет Міністраў Беларусі ўнёс у парлямэнт. Праект не прадугледжвае карэнных зьменаў у дазвольным парадку правядзеньня мітынгаў і дэманстрацыяў, які цяпер існуе ў Беларусі, і прадугледжвае абавязковую падачу заявы аб правядзеньні мітынгу за 15 дзён да даты падзеі, і дае органам улады шырокія магчымасьці для неабгрунтаваных адмоваў у дазволе на правядзеньне мітынгаў і дэманстрацыяў.

— Асноўнае новаўвядзеньне, прадугледжанае ў праекце, гэта ўкараненьне элемэнтаў заяўнага прынцыпу пры правядзеньні мерапрыемстваў у спэцыяльна адведзеных месцах, вызначаных рашэньнем мясцовых органаў улады. Для такіх масавых мерапрыемстваў не патрабуецца спэцыяльны дазвол уладаў, дастаткова падаць апавяшчэньне за 10 дзён да падзеі. Пры гэтым у органаў улады застаецца права забараніць правядзеньне мерапрыемства, аб правядзеньні якога было пададзена апавяшчэньне.

Варта ўлічыць, што ў Беларусі ўжо ёсьць досьвед выкарыстаньня заяўнага парадку правядзеньня мітынгаў. Ён прадугледжаны Выбарчым кодэксам і дзейнічае ў пэрыяд перадвыбарных кампаніяў, калі ў паведамляльным парадку кандыдатамі і іх даверанымі асобамі ладзяцца перадвыбарчыя агітацыйныя мітынгі ў тым ліку ў месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады, а пікеты па зборы подпісаў увогуле праводзяцца ў любых не забароненых месцах без якога-небудзь папярэдняга паведамленьня. Пры гэтым для перадвыбарных мітынгаў апавяшчэньне аб правядзеньні мерапрыемства падаецца не пазьней чым за два дні да даты падзеі. Практыка прымяненьня гэтай нормы была неадназначнай у сувязі з адсутнасьцю адзінага падыходу да прыняцьця рашэньняў аб спэцыяльна адведзеных месцах для правядзеньня мітынгаў: калі ў Менску мясцовыя ўлады вызначалі ў якасьці дазволеных месцаў для правядзеньня мерапрыемстваў у паведамляльным парадку ўсю тэрыторыю гораду за выключэньнем пераліку забароненых месцаў (цэнтральныя плошчы і г.д.), то па-за сталіцай мясцовыя ўлады часта вызначалі толькі адно месца ў горадзе, звычайна ў малалюдным раёне.

— Праектам прадугледжанае ўвядзеньне забароны на правядзеньне масавых мерапрыемстваў асобамі, якія маюць нязьнятую або непагашаную судзімасьць за зьдзяйсьненьне злачынстваў супраць міру і бясьпекі чалавецтва, злачынстваў супраць грамадзкай бясьпекі, злачынстваў супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці або злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня. Пры гэтым дзеючая рэдакцыя закону ўжо ўтрымлівае забарону на правядзеньні масавых мерапрыемстваў асобаў, якія дапусьцілі парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства, на працягу аднаго году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такое парушэньне (шматлікія апазыцыйныя палітыкі і актывісты ў сувязі з пастаяннай наяўнасьцю адміністрацыйных спагнаньняў дэ юрэ проста пазбаўленыя магчымасьці законным чынам выступіць у якасьці арганізатараў мітынгаў і дэманстрацыяў).

— Праект прадугледжвае наступнае зьмяненьне крытыкуемай практыкі, калі арганізатары мітынгаў павінны аплачваць працу міліцыі, мэдычных службаў і ўборку тэрыторыі пасьля мітынгу. Не адмаўляючыся ад самога прынцыпу аплаты гэтых работ, праект прадугледжвае, што парадак аплаты вызначаецца не мясцовымі органамі ўлады, а ўрадам, які на працягу шасьці месяцаў павінен распрацаваць парадак аплаты паслуг па ахове грамадзкага парадку, расходаў па мэдычным абслугоўваньні, уборцы тэрыторыі, зьвязаных з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў. Дадзенае палажэньне дазволіць зрабіць аднолькавым парадак аплаты, які цяпер істотна адрозьніваецца ў розных гарадах і, часьцяком, робіць немагчымым фактычнае правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

— Законапраект уводзіць і новыя абмежаваньні, у прыватнасьці, устанаўлівае забарону на публічныя заклікі аб правядзеньні масавага мерапрыемства да атрыманьня дазволу на яго правядзеньне (дзеючая рэдакцыя закону забараняе толькі паведамляць пра дакладнае месца і час правядзеньня мерапрыемства, ня забараняючы публічна заяўляць пра намер або мэтазгоднасьць правядзеньня мерапрыемства).

— Праект устанаўлівае абавязак журналістаў і журналістак, якія асьвятляюць масавае мерапрыемства, мець пры сабе пасьведчаньне журналіста і адметны знак у выглядзе бейджа, павязкі, камізэлькі і г.д.

— Законапраект таксама прадугледжвае ўвядзеньне дапаўненьняў у артыкул 23.34 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях “Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў”. Дапаўненьні прадугледжваюць, што разам з арганізатарамі і ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў або за заклікі да iх правядзеньня без атрыманьня дазволу могуць быць прыцягнутыя і іншыя фізычныя, а таксама ўпершыню ўводзіцца адказнасьць для юрыдычных асобаў. Дадзенае новаўвядзеньне можа закрануць інтарэсы журналістаў, якіх могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні, дапушчаныя пры асьвятленьні масавых мерапрыемстваў, а таксама грамадзкіх аб’яднаньняў, якія раней не разглядаліся як магчымы суб’ект парушэньня парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Цяпер ГА пагражаюць грашовыя штрафы ў памеры 20 – 100 базавых велічыняў.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

 

Юрый Чавусаў, юрыст Асамблеі НДА, лічыць, што законапраект не накіраваны на паляпшэньне становішча са свабодай сходаў у Беларусі:

— Прапанаваныя зьмены ўпарадкоўваюць і сыстэматызуюць існуючую нэгатыўную практыку, робяць больш жорсткімі і пашыраюць санкцыі за парушэньні пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў, часткова ўзаконьваюць тыя нэгатыўныя абмежаваньні з боку ўладаў і міліцыі, якія парушаюць нават існуючае жорсткае заканадаўства.

Увядзеньне элемэнтаў заяўнага прынцыпу пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў зьяўляецца пазытыўным крокам, які, аднак, будзе мець значэньне толькі пры істотнай дапрацоўцы законапраекту і належнай практыцы з боку органаў улады, у тым ліку на мясцовым узроўні, — дадаў Чавусаў.

Фота: unsplash.com