Зьявіўся зварот супраць ліквідацыі некамэрцыйных установаў. Падпішыся!

29/06/2017

Асамблея НДА Беларусі і Цэнтар прававой трансфармацыі запрашаюць далучыцца да калектыўнага звароту аб недапушчальнасьці ліквідацыі ўстановаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем імі прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Чаму калектыўны зварот важны і своечасовы

У апошнія гады ў Беларусі падатковыя органы накіроўваюць заснавальнікам установаў прапановы аб самаліквідацыі ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем створанымі імі ўстановамі прадпрымальніцкай дзейнасьці. У той жа час у адпаведнасьці з заканадаўствам ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці — права, а не абавязак некамэрцыйнай арганізацыі.

Праблема ліквідацыі недзяржаўных установаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці стала яшчэ больш актуальным пасьля набыцьця моцы 3 верасьня 2017 года новай рэдакцыі Палажэньня аб ліквідацыі (спыненьні дзейнасьці) суб’ектаў гаспадараньня, утв. Дэкрэтам Прэзыдэнта Беларусі ад 16.01. 2009 г. №1 у рэдакцыі ад 28.02.2017 г. З аднаго боку, новая рэдакцыя Палажэньня зьмяшчае пазытыўную норму аб тым, што ў выпадку неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці на працягу дваццаці чатырох месяцаў запар падлягае ліквідацыі камэрцыйная арганізацыя. У той жа час на практыцы падатковыя органы ставяць на ўлік установы як камэрцыйныя арганізацыі ў сувязі зь іх рэгістрацыяй па працэдуры, аналягічнай рэгістрацыі камэрцыйных арганізацыяў. У сувязі з гэтым распаўсюджваньне на практыцы нормы аб ліквідацыі ў сувязі зь неажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай дзейнасьці на некамэрцыйныя арганізацыі з набыцьцём моцы новай рэдакцыі Палажэньня выклікае сур’ёзныя асьцярогі, так як новыя нормы прадугледжваюць магчымасьць ліквідацыі без высьвятленьня прычынаў неажыцьцяўленьня такой дзейнасьці.

З гэтае прычыны быў распрацаваны калектыўны зварот аб недапушчальнасьці ліквідацыі ўстановаў у сувязі зь неажыцьцяўленьнем імі прадпрымальніцкай дзейнасьці да Міністэрства па падатках і зборах. З тэкстам калектыўнага звароту можна азнаёміцца тут.

Хто можа падпісаць калектыўны зварот

Калектыўны зварот адкрыты для падпісаньня зарэгістраваным у Беларусі установам, незалежна ад іх напрамку дзейнасьці і месца рэгістрацыі.

На дадзены момант калектыўны зварот падпісалі 12 установаў.

Якім чынам можна падпісаць калектыўны зварот

Згодна з патрабаваньнямі заканадаўства, звароты юрыдычных асобаў павінны мець пэўныя рэквізыты. Яны аформленыя ў выглядзе табліцы ўнізе звароту. Да таго ж неабходна паставіць пячатку арганізацыі. Подпіс мае быць пастаўлены кіраўніком арганізацыі або на падставе даверанасьці або статута арганізацыі – іншай упаўнаважанай асобай (напрыклад, намесьнікам кіраўніка).

Як падпісаць калектыўны зварот?

— У офісе Цэнтра прававой трансфармацыі 29-30 чэрвеня 2017 года з 10.30 да 17.00 па адрасе вул. Нававіленская 38-18 (другі паверх). Папярэдне варта патэлефанаваць: +375 29 7785182.

— Апавясьціць аб жаданьні падпісаць калектыўны зварот па электронным адрасе reformngoby@gmail.com, пасьля чаго пытаньне пра тэхнічны бок падпісаньня звароту будзе вырашана ў індывідуальным парадку.