Топ 10 падзеяў грамадзянскай супольнасьці 2017 году па вэрсіі Pact

05/01/2018

Pact падсумаваў найбольш заўважныя дасягненьні беларускай грамадзянскай супольнасьці і зьмены ў асяродку, якія ўплывалі на грамадзкае жыцьцё цягам году.

Тэма Году: Дэкрэт аб дармаедзтве

У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №3, згодна зь якім афіцыйна не працаўладкаваныя беларусы павінны былі сплачваць падатак на “сацыяльнае ўтрыманства”. Уступленьне дэкрэта ў дзеяньне ўзрушыла грамадзкую актыўнасьць і сталася прычынай масавых мірных пратэстаў у лютым-сакавіку 2017 году. Выхад на вуліцы тысячаў беларусаў прывёў да масавых затрыманьняў, а таксама спыненьня дэкрэту да 2019 году.

Кампанія Году: BY_Help

Кампанія BY_Help (Юлія Дарашкевіч, Ляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак), якая распачалася ў сакавіку 2017, прыцягнула ахвяраваньні ў эквіваленце 55,000 даляраў з прыватных і карпаратыўных крыніц унутры і па-за межамі Беларусі. Сабраныя сродкі былі скіраваныя на падтрымку грамадзянаў і іх сем’яў, якія пацярпелі ў выніку вясновых пратэстаў, справы “Белага легіёну” і іншых.

Трэнд Году: Прыкметы дыялёгу

Дзяржаўныя чыноўнікі становяцца сталымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў грамадзянскай супольнасьці, такіх як Кастрычніцкі эканамічны форум, Сусьветны тыдзень прадпрымальніцтва ці Менскі Дыялёг. Абмеркаваньне пэрыядычнага дакладу Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) і экспэртныя кансультацыі па Нацыянальным пляне дзеяньняў па правах чалавека сьведчаць пра прыкметы дыялёгу.

Лякалізацыя Году: Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі

Арганізатары — Інстытут “Палітычная сфэра” — Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі анансавалі, што 8-ы Кангрэс адбудзецца ў Менску. Прыблізная дата — 27-29 верасьня 2018 году. Асноўным акадэмічным партнэрам будзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Цягам 7 апошніх гадоў мерапрыемства праходзіла па-за межамі краіны — у Каўнасе ці Варшаве.

Выратаваньне Году: Курапаты — Котаўка — Асмалоўка

2017 год вызначыўся перамогамі актывістаў і актывістак па захаваньні тэрыторый у Менску, важных для мясцовых супольнасьцяў. Двухтыднёвая абарона Курапатаў, месца масавага пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прывяла да таго, што інвэстар спыніў будаўнічыя работы. Грамадзкі сквэр у раёне Котаўка быў захаваны, дзякуючы ўпартым намаганьням актывістаў і жыхароў. Мясцовыя жыхары гістарычнага раёну Асмалоўка дамагліся замарозкі плянаў па разбурэньні.

Пасьлядоўнасьць Году: Social Weekend

У 2017 годзе Social Weekend зладзіў 10-ы Нацыянальны конкурс сацыяльных праектаў. Конкурс адбываецца з 2013 году і зьбірае падтрымку на праекты ад беларускіх бізнэс кампаніяў і асобных мэцэнатаў. За час свайго існаваньня Social Weekend прыцягнуў больш за 150,000 даляраў на фінансаваньне больш чым 150 праектаў, выбраных з 2,000 заяўнікаў.

Мэдыядапамога Году для грамадзянскай супольнасьці: 34mag

Моладзевы анлайн-часопіс 34mag.net цягам году рэгулярна разьмяшчаў карысныя матэрыялы для грамадзкіх актывістаў. Напісаныя даходлівай мовай, публікацыі дапамагаюць лепш зразумець асаблівасьці публічнай камунікацыі, арганізаваць мерапрыемствы або адукацыйныя інтэрвэнцыі, а таксама знаёмяць з пасьпяховымі студэнцкімі ініцыятывамі Беларусі.

Грамадзкі транспарт Году: Ровар для ўсіх!

Актывісты і актывісткі веларуху сталіся аднымі з найбольш арганізаваных і заўважных у 2017 годзе. Велакарнавал Viva Ровар! сабраў больш за 15,000 раварыстаў. 2-гі Міжнародны фэстываль аматараў ровараў і Форум ПраРовар актуалізавалі шэраг пытаньняў для шырокай грамадзкасьці. Больш за 700 раварыстаў далучыліся да Міжнароднага аматарскага валамарафону Суседзі 2017 у Горадні; Міжнародны роварны фэстываль Vezdevelom адбыўся ў Берасьці.

Хваляваньне Году: Захад-2017

Сумесныя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні “Захад-2017”, якія адбываліся ў верасьні, выклікалі хваляваньне ў некаторых грамадзкіх колах. Грамадзянская супольнасьць адыграла важную ролю ў арганізацыі грамадзкага маніторынгу, а таксама прадстаўленьні альтэрнатыўных поглядаў і аналізу магчымых сцэнароў. Нягледзячы на занепакоенасьць, Беларусь ня была акупаваная.

І Нешта Зусім Незвычайнае: Урад Беларусі стаўся асноўным — хоць і супярэчлівым  — ньюсмэйкэрам году

Адчыніўшы межы краіны праз скасаваньне візаў для грамадзянаў больш чым 80 краінаў, урад Беларусі выкарыстаў сілу для разгону мірных пратэстаў і затрыманьня больш як 900 чалавек. Справа супраць “Белага легіёна” была спыненая, аднак суд над аўтарамі “Рэгнума” яшчэ працягваецца. У Менску адбылося 26-е пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, у той жа час перамовы з МВФ былі прыпыненыя. Лукашэнка легалізаваў крыптавалюты і зацьвердзіў дэкрэт аб спрашчэньні вядзеньні бізнэсу, аднак заканадаўства аб сацыяльным утрыманстве не скасаванае.