У ААН будзе новы спэцдакладчык па свабодзе сходаў і асацыяцыяў

12/02/2018

ААН абвясьціла фіналістаў адбору на пасаду спэцыяльнага дакладчыка па праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў.

Канчатковы выбар на карысьць аднаго з кандыдатаў зробяць на 37 сэсіі Савету па правах чалавека ў сакавіку 2018.

На пасаду дакладчыка цяпер прэтэндуюць:

— Спадарыня Eileen Chamberlain Donahoe, United States of Ameriсa

— Спадар Nyaletsossi Clement Voule, Togo

— Спадар Michael Hamilton, United Kingdom

Спэцыяльныя дакладчыкі ААН — незалежныя экспэрты ў галіне правоў чалавека з мандатамі прадстаўленьня і рэкамэндацыі ў дачыненьні да правоў чалавека па пэўнай тэме ці краіне.

Савет ААН па правах чалавека стварыў пасаду Спэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб праве на свабоду сходаў і асацыяцыяў у верасьні 2010 году, каб рэагаваць на парушэньні гэтых правоў. Першым пасаду спэцдакладчыка заняў сп. Майна Кіаі, які цягам сваёй кадэнцыі выпусьціў шэраг дакладаў па розных аспэктах рэалізацыі свабоды сходаў і асацыяцыяў. Сярод іншага, сп. Кіаі рабіў адмысловыя заявы з нагоды парушэньняў права на свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі. На сёньня пасаду спэцдакладчыка займае спадарыня Анна-Ліза Чыампі.

У рэзалюцыі 33/32 у чэрвені 2016 году Савет ААН па правах чалавека працягнуў мандат спэцдакладчыка на тры гады. У абавязкі дакладчыка ўваходзяць: вывучэньне, маніторынг, кансультаваньне і публічная справаздача пра права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў з мэтай іх прамоцыі і абароны. Сюды таксама ўключаныя праца з індывідуальнымі скаргамі, дасьледаваньнямі, тэхнічная дапамога ўрадам, паездкі па краінах і сувязі з грамадзкасьцю.

Спэцыяльны дакладчык па свабодзе сходаў і асацыяцыяў двойчы зьвяртаўся да ўладаў Беларусі з прапановай аб наведваньні краіны (у 2011 і 2013 гадах), аднак пакуль урад Беларусі ўстрымліваецца ад запрашэньня ў краіну экспэрта ААН.