Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі зьявіўся ў Беларусі

10/01/2018

3 студзеня 2018 года зарэгістравалі Інфармацыйна-практычную ўстанову “Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі “ЮларКансалт” (Youth Labour Rights). Яе заснавальнікамі сталі Крысьціна Рыхтэр і Дзьмітры Варнашоў, якія  больш за тры гады кансультуюць выпускнікоў і выпускніц у межах Праграмы “Разьмеркаваньне”.

Новаствораная арганізацыя будзе садзейнічаць вырашэньню праблем у сфэры працаўладкаваньня моладзі і абароны яе працоўных правоў.

На сёньняшні дзень у межах Youth Labour Rights функцыянуе гарачая лінія і анлайн-кансультацыя па пытаньнях разьмеркаваньня выпускнікоў і працоўных правах моладзі. Таксама НДА ажыцьцяўляе маніторынг парушэньняў правоў выпускнікоў пры разьмеркаваньні. У далейшым дзейнасьць арганізацыі будзе сканцэнтраваная на прававой асьвеце ў сфэры працоўнага і сумежнага заканадаўства, разьвіцьці ў маладых людзей навыкаў, неабходных для працаўладкаваньня, прасоўваньні пазытыўных зьменаў у заканадаўства аб працы, дасьледчай і аналітычнай працы.

Каманда Youth Labour Rights адкрытая для партнэрскіх адносінаў з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, бізнэсам і дзяржавай, а таксама для ўсіх, каму цікава разьвівацца ў тэме працаўладкаваньня і працоўных правоў моладзі.

Па ўсіх пытаньнях зьвяртайцеся праз электронную скрыню ylar.org@gmail.com.

Дарэчы, 12 студзеня арганізацыя ладзіць прававы лекторый аб працоўным заканадаўстве для студэнтаў і выпускнікоў. Далучайцеся!