Грамадзкія аб’яднаньні і фонды павінныя падаць штогадовыя справаздачы да 1 сакавіка

02/02/2018

Нагадваем, што грамадзкія аб’яднаньні да 1 сакавіка 2018 году павінныя прадставіць у свой рэгіструючы орган інфармацыю пра працяг сваёй дзейнасьці з пазначэньнем месца знаходжаньня кіруючага органа.

Таксама мусяць быць прадстаўленыя сьпісы сябраў выбарных органаў з пазначэньнем прозьвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэньня, месца жыхарства і нумара хатняга тэлефону, месца працы (навучаньня) і нумара працоўнага тэлефону, пасады ў гэтых выбарных органах і даты абраньня кожнага зь сябраў з прыкладаньнем адпаведных пратаколаў.  Грамадзкія аб’яднаньні ў справаздачы мусяць прадставіць інфармацыю пра мерапрыемствы, праведзеныя за год у статутных мэтах, інфармацыю пра колькасьць сябраў грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйных структураў.

Рэспубліканскія і міжнародныя грамадзкія аб’яднаньні прадстаўляюць справаздачу ў Міністэрства юстыцыі, мясцовыя грамадзкія аб’яднаньні – у абласныя ці Менскае гарадзкое Галоўныя ўпраўленьні юстыцыі.  Прыкладны ўзор афармленьня справаздачы можна знайсьці на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі.

Арганізацыйныя структуры (мясцовыя аддзяленьні) грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама ўстановы справаздачы прадстаўляць не павінныя.

Тыя некамэрцыйныя арганізацыі, што зарэгістраваныя ў форме фондаў, да 1 сакавіка 2018 году прадстаўляюць у рэгіструючы орган інфармацыю пра працяг сваёй дзейнасьці з пазначэньнем месца знаходжаньня кіруючага органа і інфармацыю пра мерапрыемствы, праведзеныя цягам году ў статутных мэтах, пра выкарыстаньне сваёй маёмасьці з пазначэньнем зьвестак аб яе публікацыі ва ўстаноўленым парадку. Зьмест справаздачы фондаў аб выкарыстаньні маёмасьці, што мусіць быць апублікаваная ў рэспубліканскіх друкаваных СМІ, устаноўлены пастановай Міністэрства юстыцыі.

Такая справаздача павінная ўключаць у сабе інфармацыю пра:

— колькасьць заснавальнікаў фонду;

— кошт маёмасьці фонду (у тым ліку: маёмасьці, якая была перададзеная заснавальнікамі (заснавальнікам) фонду; паступленьні ад праведзеных у адпаведнасьці са статутам фонду мерапрыемстваў; даходах, атрыманых ад прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці са статутам фонду; аб іншых не забароненых заканадаўствам паступленьнях);

— агульную суму выдаткаў, панесеных фондам на дасягненьне грамадзка карысных мэтаў, пазначаных у яго статуце;

— колькасьць унітарных прадпрыемстваў, гаспадарчых таварыстваў, якія створаныя фондам для ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, у тым ліку аб удзеле фонду ў такіх юрыдычных асобах.