АДБЫЎСЯ VIIІ КАНГРЭС АСАМБЛЕІ НДА БЕЛАРУСІ

04/06/2019

1 чэрвеня ў Менску прайшоў VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Больш за 170 дэлегатаў і гасьцей з усіх рэгіёнаў Беларусі абмяркоўвалі ключавыя праблемы грамадзкага сэктару. Пасьля агульнага пасяджэньня была праведзеная праца па тэматычных сэкцыях.

Асамблея НДА — найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднаньне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе разьвіцьцю дэмакратычнай прававой дзяржавы й уплывае на зьмены ў грамадзтве. Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сёньняшні момант налічвае 330 сябраў. Кангрэс — вышэйшы орган Асамблеі.

Кангрэс абраў новы склад кіруючага органа – Рабочай групы Асамблеі – па два прадстаўнікі ад кожнай з шасьці сэкцыяў:

  1. культура, краязнаўства;
  2. сацыяльная сфэра, гендэрная роўнасьць;
  3. правы чалавека;
  4. рэгіянальнае разьвіцьцё, урбаністыка, мясцовае самакіраваньне, экалёгія;
  5. адукацыя, моладзь;
  6. мэдыясфэра, інфармацыйна-аналітычныя, дасьледчыя цэнтры.

У Рабочую групу ўвайшло 12 чалавек, якія абралі Старшыню РГ – Сяргея Мацкевіча. Удзельнікі Кангрэса прынялі Рэзалюцыю аб грамадзкім удзеле і Дэклярацыю пра каштоўнасьці Асамблеі НДА, зрабілі заяву аб распрацоўцы зьменаў у Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”.

 

Старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч пракамэнтаваў вынікі VIIІ Кангрэса:

“Кангрэс мае важнае значэньне як для сябраў Асамблеі НДА, так і для грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў цэлым. Удзельнікі абмеркавалі і зацьвердзілі тры важных дакумэнты. У Дэклярацыі падкрэсьліваецца, што нягледзячы на зьмены, якія адбываюцца ў сэктары, і новыя формы дзейнасьці, моц і трываласьць грамадзянскай супольнасьці застаецца ў тым, што яна абапіраецца на агульныя каштоўнасьці: незалежнасьць Беларусі, зьберажэньне ідэнтычнасьці беларускага народу, грамадзянскія свабоды і дэмакратыю. Рэзалюцыя ўтрымлівае ацэнку адносінаў грамадзтва і ўладаў, у ёй падкрэсьліваецца адсутнасьць заўважнага прагрэсу ў гэтых адносінах. Зараз зробленыя невялікія крокі з боку дзяржавы, каб наладзіць камунікацыю з НДА, але не ва ўсіх сфэрах і ня так адкрыта, як гэта варта рабіць паводле эўрапейскіх стандартаў. Таму і эфэкт ад узаемадзеяньня НДА і ўладаў пакуль невялікі і патрабуе значна большых высілкаў. Прынятая на Кангрэсе заява аб распрацоўцы зьменаў у Закон “Аб грамадзкіх абʼяднаньнях” выклікана занепакоенасьцю адносна таго, што рэгулюючае дзейнасьць НДА заканадаўства будзе прынята безь ягонага ўдзелу і не палепшыць умовы для грамадзкай дзейнасьці.

Галоўныя высновы Кангрэса: неабходнасьць улічваць перамены, прымаць новыя формы НДА, узаемапранікаць і ўзаемаўзбагачацца тэматыкай іншых НДА, шукаць магчымасьці супольнай працы і праяўляць салідранасьць, і пры ўсім гэтым памятаць пра фундамэнтальныя каштоўнасьці, на якіх грунтуюцца НДА. Я хацеў бы адзначыць, што Асамблея таксама абнаўляецца, і зараз у Рабочай групе палова новых сябраў – я вельмі ўсьцешаны, што зьяўляюцца новыя энэргічныя актывісты, гатовыя разьвіваць грамадзянскую супольнасьць дзеля будучыні незалежнай Беларусі – гэта тое, дзеля чаго стваралася Асамблея 22 гады таму”.

Па заканчэньні Кангрэса ўсіх яго ўдзельнікаў запрасілі на фэстываль “Кілямэтар грамадзкай актыўнасьці”, які разгарнуўся на адкрытай пляцоўцы ОК16. На ім адбываліся шматлікія мерапрыемствы грамадзкіх арганізацыяў: лекцыі, майстар-клясы, дыскусіі на тэмы экалёгіі, гендэру, сьмяротнага пакараньня, правоў чалавека, мовы і культуры. На фэсьце працавалі Free Market і Жывая Бібліятэка, на завяршэньне выступіў гурт “AKUTE”.