ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2015

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2015

15 студзеня 2016 году Асамблея зладзіла сёмую цырымонію ўганараваньня пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасьці”, каб адзначыць лідэраў і найбольш значныя падзеі трэцяга сэктару за мінулы год.

Журы складалася з 114 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, зь якіх за намінантаў прагаласавала 75 чалавек.

ЛЯЎРЭАТЫ

У намінацыі “Грамадзкі лідэр году” перамагла Сьвятлана Алексіевіч. Атрыманьне ёй Нобэлеўскай прэміі аб’яднала беларусаў, а грамадзкая пазыцыя прымусіла задумацца пра сытуацыю ў краіне.

Кампаніяй году была названая кампанія салідарнасьці з кадэтамі Ястрэмбельскай школы-інтэрнату (#Пагоняпобач). Прэмію ўручылі ініцыятарам кампаніі — прадстаўнікам “Арт Сядзібы”.

Прэмію ў намінацыі “Новая ініцыятыва” дасталася студэнтам Тэатральнай лябараторыі “Фонтынбрас” пры Беларускім свабодным тэатры за сэрыю пэрформансаў у падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі Абарону берагу возера Балдук у Пастаўскім раёне ад забудовы. Сябры арганізацыяў “Зялёная сетка”, “Экадом”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам зь мясцовымі жыхарамі з 2012 году змагаюцца супраць забудовы ля возера.

У намінацыі “Партнэрства году” быў адзначаны Гуманітарны маршрут “Беларусь-АТО”. У 2015 годзе гэта намінацыя была ўведзена ўпершыню, і ўручалася за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці.

Найлепшым сайтам НДА быў названы партал adukacyja.info.

У намінацыі “Крэатыў году” журы адзначыла Стрыт-арт фэст Urban Myths у Менску.

Антыпрэміяй “Гарбуз” году адзначылі Міністэрства інфармацыі за загад зьнішчыць наклад кнігі Віталя Сіліцкага “Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі і Беларусі”.

Блогер Антон Матолька за апэратыўнае асьвятленьне актуальных для няўрадавага сэктару тэмаў атрымаў прыз у намінацыі “Мэдыя/журналіст году”.

Падрабязны артыкул з падзеі: У Менску ўганаравалі Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці 2015 году

Фотарэпартаж з цырымоніі