ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2016

23 сьнежня ў Менску прайшла восьмая цырымонія ўручэньня прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла найбольш выбітныя і яскравыя падзеі ў грамадзкім сэктары за бягучы год.

Журы складалася з 116 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, а лонг ліст намінантаў сёлета склаў 166 прапановаў.

ЛЯЎРЭАТЫ

У намінацыі “Грамадзкі лідэр году” перамог Зьміцер Дашкевіч, які цягам 2016 году ініцыяваў збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці, зьнішчыў “3,5 кв.м урадлівага слою глебы” на беларуска-расейскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцьця графіці “Масква-Менск” і ўсталяваньня помніку Леніну.

Прэмію ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымала ўстанова “Human Constanta”, якая запомніліся грамадзтву дзеяньнямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Берасьці.

Журы ў намінацыі “Крэатыў году” адзначыла невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці “Менск-Масква”.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі кампанію ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менску “Асмалоўка”. Тутэйшыя жыхары ўжо некалькі гадоў змагаюцца за захаваньне гэтага кутку сталіцы.

У намінацыі “Партнэрства году” журы адзначыла плятформу Talaka.by. На гэтай некамэрцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэяў. Найбольшай падтрымкай на плятформе карыстаюцца ідэі ў сфэры разьвіцьця беларускай мовы і культуры.

“Мэдыяактыўнасьцю году” быў названы анлайн-часопіс “Имена”, які дае магчымасьць ня толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадзтва праекты.

Антыпрэміяй “Гарбуз” году адзначылі супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў “Крытычная маса”.

За найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне актуальных для няўрадавага сэктару тэмаў у намінацыі “Мэдыя/журналіст году” прыз атрымала Галіна Абакунчык з Радыё Свабода — аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасьць, яе ініцыятывы і перасьлед у 2016 годзе.

Кампаніяй году была прызнаная кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, #нашсцяг.

Падрабязны артыкул з падзеі: Дашкевіч, Human Constanta і невядомы графіціст. Асамблея назвала чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці-2016

Фотарэпартаж з цырымоніі