https://www.facebook.com/pg/Asambleja/photos/?tab=album&album_id=1839575466085097

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2017

21 сьнежня Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганараваньня пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасьці”, каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сэктару Беларусі ў 2017 годзе.

Журы складалася з 110 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў.

ЛЯЎРЭАТЫ

Пераможцам у намінацыі “Грамадзкі лідэр году” стаў каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі — рухавік кампаніі “Павестка 50”. Яна разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах і была накіравана на імплемэнтацыю палажэньняў Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю.

У намінацыі “Новая ініцыятыва” журы адзначыла ажно два пераможцы. Імі сталі грамадзкі рух “Дзея” і ініцыятыва “Хайсы” (Віцебск).

“Крэатывам году” была названа акцыя “Ноч расстраляных паэтаў” — супольная ініцыятыва Маладога Фронту і творчых асяродкаў.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі “маршы недармаедаў” супраць дэкрэту №3, якія прайшлі сёлета ў розных гарадах Беларусі.

У намінацыі “Партнэрства году” статуэтку атрымалі “Беларускія ўікэнды”. Дзякуючы ім цягам 2017 году беларускамоўныя вэрсіі фільмаў былі паказаныя ў шэрагу кінатэатраў краіны.

У намінацыі “Мэдыяактыўнасьць” перамаглі сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”.

“Гарбуз году”. Сёлета журы вырашыла “адзначыць” гэтай антыпрэміяй крымінальную справу па “факце” навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі “Белы легіён” і спартыўна-патрыятычнага клюбу “Патрыёт”.

У намінацыі “Мэдыя / журналіст / журналістка году” перамог гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ягоны канал на YouTube стаў такім папулярным, што ўлады абвінавацілі Максіма ў “падмене дзяржаўных СМІ”.

Кампаніяй году была прызнаная Кампанія ў абарону Курапатаў.

Фотарэпартаж з цырымоніі