Зьмест

"Будаўніцтва АЭС у Беларусі - гэта авантурызм чыстай вады..."

Удзельнік урадавай камісіі па пытаньнях будаўніцтва АЭС, доктар тэхнічных навук Георгі Лепін пракамэнтаваў карэспандэнту "Асамблеі" ініцыятыву ўладаў у рэалізацыі праекту будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Лепін: У студзені 1999 году Савет міністраў Беларусі пагадзіўся з рашэньнем адмысловай камісіі пра ўвядзеньне 10-гадовага мараторыю на працы, зьвязаныя з атамнай энэргетыкай. Гэты мараторый сканчаецца якраз у студзені 2009 году. Як вы разумееце, да гэтага тэрміну ніякіх размоваў пра будаўніцтва ў Беларусі АЭС ня можа весьціся ў прынцыпе.

Каб пачаць узьвядзеньне аб'екту, трэба выканаць некалькі абавязковых умоваў. Што да Беларусі - наша краіна не адпавядае ніводнаму з патрабаваньняў, а таму любыя выказваньні пра бясьпеку атамнай энэргетыкі выглядаюць прынамсі спэкулятыўна. У выніку рэалізацыі гэтай задумы можна трапіць у вельмі небясьпечную сытуацыю.

Нават падчас пошуку пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у Беларусі становіцца зразумела, што гэтае рашэньне мусіць быць яшчэ раз перагледжанае. Справа ў тым, што па тэрыторыі Беларусі праходзяць геалягічныя разломы.

Калі падыходзіць да праблемы ўзьвядзеньня атамнай станцыі комплексна, то аргумэнтацыйная схема актывістаў антыядравай кампаніі можа выглядаць так: па-першае, Беларусь ня мае ніякага досьведу ў вырашэньні падобных задачаў. Па-другое, у нашай краіне няма ніякіх канкрэтных канструктарскіх распрацовак альбо адмыслоўцаў для праектаваньня і абслугоўваньня станцыі. Па-трэцяе, Беларусь ня мае ніякага досьведу ў захаваньні радыяцыйных адкідаў.

Па-чацьвертае, няма адказу што да вывядзеньня атамнай станцыі з эксплюатацыі. Атрымліваецца так, што ні па адным з пунктаў у Беларусі няма ніводнага адказу ў вырашэньні гэтых задачаў. У такой сытуацыі распачынаць будаўніцтва АЭС - гэта авантурызм чыстай вады.

Кар.: У канцы 1990-х гадоў адмысловай камісіі ўдалося пераканаць урад у небясьпецы будаўніцтва АЭС. Як гэта праходзіла?

Лепін: Сапраўды, у 1998 годзе мы дамагліся ад Савету міністраў рашэньня аб стварэньні камісіі, якая мусіла даць заключэньне пра мэтазгоднасьць будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. Гэтая камісія працавала цягам шасьці месяцаў. У сьнежні было дадзенае заключэньне, прычым большасьцю галасоў, пра небясьпеку ўзьвядзеньня ядравага рэактару. З 34 чальцоў камісіі 20 выказаліся за мараторый. У студзені наступнага году з нашай пастановай пагадзіўся Савет міністраў.

Варта зазначыць, камісія з самага пачатку стваралася з улікам таго, што па выніку сваёй працы яна дасьць станоўчае рашэньне. З усёй колькасьці спэцыялістаў толькі 5 чалавек былі рашуча настроеныя супраць ідэі будаўніцтва АЭС у Беларусі, 7-8 былі прыхільнікамі атамнай энэргетыкі, а астатнія маглі схіліцца на карысьць гэтай ініцыятывы. Нягледзячы на такі расклад, за шэсьць месяцаў працы нам удалося пераканаць большасьць, што атамную станцыю будаваць у Беларусі нельга. У заключэньні прапаноўвалася вярнуцца да разгляду пытаньня аб імавернасьці будаўніцтва АЭС, калі ў сьвеце зьявяцца новыя тыпы бясьпечных рэактараў. Дагэтуль рэактары новага пакаленьня не зьявіліся і, зразумела, не былі правераныя.

Дарэчы, адным з выйсьцяў у нашай сытуацыі зьяўляецца стварэньне аналягічнай камісіі, якая зможа націснуць на кіраўніцтва краіны. Паколькі ў наступным годзе завяршаецца дзесяцігадовы пэрыяд дзеяньня мараторыя, чаму б незалежнаму грамадзтву ў якасьці першага кроку не паставіць задачы стварэньня новай камісіі?

Кар.: Якія небясьпекі можа спарадзіць будаўніцтва атамных станцыяў у Беларусі?

Лепін: Атамная энэргетыка паводле заключэньняў кампэтэнтных навукоўцаў - самы небясьпечны спосаб вырабу электраэнэргіі. Больш небясьпечнага папросту няма. Мы прызвычаіліся думаць, што атамная энэргетыка небясьпечная толькі ў момант аварыі. Выбухнуў, напрыклад, рэактар, а церпяць людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях. Чарнобыльскі рэактар дабраўся нават да вельмі аддаленых краінаў. Нават у Швайцарыі ёсьць месцы, прычым менавіта курортныя, на поўдні краіны, дзе ўзровень радыяцыі дасягнуў 3 кюры на кв.км. Паводле нашых нормаў, гэта тэрыторыя лічыцца забруджанай. Ёсьць доказы, што гэты сьлед менавіта чарнобыльскі. Адзін выбух - і маса краінаў ад яго пацярпела.

Калі многія ядзершчыкі спрабуюць пераканаць усіх, што атамная энэргетыка чыстая, паколькі не выпрацоўвае вуглякіслага газу, дык гэта, мякка кажучы, мана. Для ажыцьцяўленьня стабільнай працы атамнай станцыі існуе, як мінімум, каля дзясятка прадпрыемстваў, што займаюцца яе абслугоўваньнем. Гэтыя сатэлітныя прадпрыемствы звычайным шляхам выкідаюць у атмасфэру вуглякіслы газ.

Пры звычайным працоўным рэжыме атамны рэактар наносіць шкоду тым, што стала выкідае аграмадную колькасьць радыянуклідаў у атмасфэру і грунтовыя воды. Атамная станцыя выкідае ў атмасфэру такія матэрыялы, што рэзка мяняюць ўласьцівасьці атмасфэры. Гэтыя зьмяненьні ўласьцівасьцяў атмасфэры могуць прывесьці да катастрафічных наступстваў.

Гутарыў Віталь Ляшчун