Зьмест

Апэрацыя "Белая Русь". Спроба стварэньня квазіпартыі

Адна з найбольш рэзанансных падзеяў канца 2007 году - устаноўчы сход Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь". Калі выказвацца ў модных паліталягічных тэрмінах, 17 лістапада 2007 году ў Палацы Рэспублікі адбылася чарговая спроба стварэньня "прапрэзыдэнцкай партыі".

Гісторыя стварэньня

Хоць гаворка пра фармаваньне партыі ўлады ў Беларусі вядзецца ўжо не адно дзесяцігодзьдзе, аднак толькі цяпер можна казаць дакладна: народ, нарэшце, атрымаў у выглядзе счэпленых адзіным арганізацыйным ланцугом вертыкальшчыках абаронцаў сваіх інтарэсаў.

Варта дадаць, што яшчэ да рэфэрэндуму 2004 году найбольш ляяльнае чынавенства зь ліку рэктараў ВНУ, кіраўнікоў раённага маштабу і старшыняў творчых саюзаў намагалася аб'яднацца пад шыльдай адзінай структуры. Вось толькі кіраўніку дзяржавы любая масавая арганізацыя, акрамя БРСМ і Саюзу выратаваньня тапельцаў на вадзе, стаяла косткай у горле. Ну ня любіць нашае кіраўніцтва аб'яднаньняў у любым выглядзе, нават у самым адданым і вычашчыным ад апазыцыйных элемэнтаў.

Дарэчы, у 1992 годзе арганізацыя з падазрона падобнай назвай ужо існавала на абсягах Беларусі. У яе склад уваходзілі вядомыя патрыёты славянскай скіраванасьці: Усевалад Янчэўскі, Юры Азаронак і вечны спарынг-партнэр уладаў на выбарах Сяргей Гайдукевіч. Ідэйнай плятформай партыі "Славянскі Сабор Белая Русь" было славянафільства і амэрыканафобія. У 1999 годзе партыя не прайшла перарэгістрыцыю і паступова загібела. Аднак ідэя аб'яднаньня прыхільнікаў панславізму яшчэ доўгі час муляла ў асяродку вэртыкальшчыкаў сярэдняга зьвяна.

Наступную спробу аб'яднаньня ўсіх прыхільнікаў своеасаблівага сацыяльна-эканамічна-палітычнага курсу нашай краіны паскорыла зьяўленьне ў 2004 годзе на беларускай палітычнай сцэне асобы рэктара Гарадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту Вітальда Песьціса, які проста заявіў, што "ягоная арганізацыя будзе падтрымліваць абраны прэзыдэнтам курс і мае намер супрацьстаяць апазыцыі". У ходзе зьяўленьня арганізацыйных структураў спачатку ў Гарадзенскай вобласьці, а неўзабаве і па ўсёй краіне, неабходнасьць у партыі ўлады ў чарговы раз адпала.

Апэрацыя "Белая Русь", альбо каму патрэбная партыя ўлады

Перад парлямэнцкімі выбарамі 2008 году ня проста замаячыла здань "Белай Русі". Тэму стварэньня айчыннага аналягу "Адзінай Расеі" не абмінулі незалежныя экспэрты. Меркаваньняў на тэму "прэзыдэнцкая партыя" было безьліч: ад падрыхтоўкі пляцоўкі для пераемніка да зьменаў у выбарчае заканадаўства. Карацей, сумятня поўная. Аднак разгледзім гэтыя пазыцыі па парадку.

У пляны па перадачы шапкі Манамаха ў бліжэйшай пэрспэктыве мала верыцца, бо Аляксандар Рыгоравіч выглядае яшчэ ўпэўненым у сваіх сілах. Акрамя таго, наўрад ці пераемнік зможа настолькі эфэктыўна кіраваць уладным стырном, бо таямніца пасьпяховага лявіраваньня ва ўмовах зьменлівай каньюнктуры пільна захоўваецца ад усіх прагных да ўлады. Ня надта выказвае жаданьне станавіцца публічнай асобай і старэйшы сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка. У прынцыпе, ад набліжаных да прэзыдэнта дарадцаў наўрад ці магла б сыходзіць падобная ініцыятыва. Адсюль вынікае, што першая вэрсія перадумоваў стварэньня "Белай Русі" адпадае.

Другая пазыцыя - стварэньне партыі ўлады для зьмяненьня выбарчага заканадаўства - выглядае куды болей экзатычна. Проста можам уявіць, як з Адміністрацыі прэзыдэнта спускаецца праект новага закону, які паслухмяна прымаецца падкантрольнай Палатай прадстаўнікоў. Прыкладна ў гэты ж час прэзыдэнтам падпісваецца загад аб датэрміновым правядзеньні парлямэнцкіх выбараў. У выніку такіх мудрагелістых камбінацыяў апазыцыйная кааліцыя распадаецца. На выбары ўсе пойдуць асобнымі калёнамі. У адной выбарчай акрузе будуць балятавацца прадстаўнікі ад двух БНФаў і чатырох сацыял-дэмакратычных партыяў, процьма незалежных кандыдатаў і тузін проста годных людзей... Ад такога вінэгрэту ў любога, нават самага дасьведчанага, выбаршчыка галава ходарам пойдзе. Але прэзыдэнт адназначна сказаў, што людзі павінны галасаваць не за партыйныя сьпісы, а за тых, хто ўмее працаваць. Сказана - зроблена. Ніякай прапарцыйнай сыстэмы мы ў бліжэйшы час не дачакаемся.

Найбольш верагодна, што стварэньне квазіпартыі было абумоўленае некалькімі рэчамі. Па-першае, ва ўмовах канфрантацыі з кіраўніцтвам Расеі, а таксама неспрыяльнага эканамічнага фону ўладзе патрэбна аб'яднаць як мага большае кола сваіх прыхільнікаў. Па-другое, напярэдадні парлямэнцкіх выбараў - 2008 перад уладай паўстала праблема рэкрутызацыі новай эліты. У такім разе "Белая Русь" можа стаць каналам пастаўкі сьвежых кадраў на кіроўныя пасады. Па-трэцяе, у Расеі пасьпяхова мацуецца аўтарытарны рэжым з дапамогай партыі ўлады "Адзіная Расея", якая ня толькі ўхваляе спушчаныя зьверху законы, але і пісьменна расстаўляе на стратэгічных дзяржаўных пасадах сваіх сяброў. Як тут не скарыстацца расейскім know how?

Антураж

17 лістапада ў малой залі Палацу Рэспублікі адбыўся доўгачаканы ўстаноўчы зьезд Рэспубліканскага аб'яднаньня "Белая Русь". З нагоды стварэньня аб'яднаньня Анжаліка Агурбаш прасьпявала аднайменную песьню "Белая Русь", запісаную яшчэ ў 2003 годзе. Гэта і ня дзіўна. Ланцужок "Славянскі базар" - Усебеларускі сход лягічна было працягнуць устаноўчым зьездам прадзяржаўнага БРСМу для дарослых. Як кажа сама Анжаліка, песьня "Белая Русь" сталася нефармальным народным гімнам. Праўда, хто ў гэтым выпадку ёсьць народам, Агурбаш не ўдакладняла. Зыходзячы з таго, на якіх канцэртовых пляцоўках гэты гіт выконваецца, можна меркаваць, катэгорыю "народ" складаюць дэлегаты зьездаў. А астатняе насельніцтва - так сабе, паднародак.

Замест высноваў

Змрочныя прагнозы пра хітрыя пляны ўладаў пакуль што ня спраўдзіліся. Затое мы даведаліся, што Аляксандар Рыгоравіч па-ранейшаму ня церпіць побач з сабой амбіцыйных і папулярных у народзе асобаў, то бок ня хоча дзяліцца ўладай у прынцыпе. Таму нам застаецца пагадзіцца з трапным азначэньнем "Белай Русі" як "БРСМ для дарослых". Праект стварэньня партыі ўлады ў чарговы раз адкладаецца за непатрэбнасьцю.

Зьміцер Васільеў